Абаронцы правоў жывёлаў сабралі 11 млн подпісаў супраць «Фестывалю сабачага мяса»


Зооактывісты ў Кітаі пры падтрыманні абаронцаў правоў жывёлаў ва ўсім свеце змагаюцца супраць «традыцыйнага» фестывалю ў акрузе Юй-Лінь.

Мясцовая актывістка Ўан Лі Цюнь і яшчэ каля двух дзясяткаў ейных паплечнікаў перадалі сабраныя подпісы ў гарадскую адміністрацыю Пекіну.

Фестываль у Юй-Ліне праводзіцца штогод падчас летняга сонцастаяння: удзельнікі спажываюць у вялікай колькасці мяса сабакаў, што абурае актывістаў. Ўан Лі Цюнь спадзяецца на міжнароденую ўвагу да фестывалю, які яна лічыць «варварскім злоўжываннем».

«Тым, хто падпісаўся, залежыць не толькі на скасаванні гэтага фестывалю, гаворка ідзе пра цэлую зʼяву. Пра гэтую адсталую традыцыю спажывання сабачага мяса. Гэтае мяса ядуць шмат у якіх гарадах. Я вельмі спадзяюся, што кожны далучыцца да ініцыятывы і ўлады зменяць у лепшы бок правілы і законы», – кажа Ўан Лі Цюнь, якая сама мае хатняга сабаку.

Ўан Лі Цюнь і яе сябры абʼядналіся з арганізацыяй з ЗША «Humane Society International», каб збіраць подпісы па-за Кітаем і такім чынам аказаць ціск на ўлады, каб тыя адрэагавалі на існаванне неадназначнага фестывалю.

«Што зрабілі ўлады ў Юй-Ліне? Яны схавалі праблему. Па-першае, яны проста пазбягаюць словаў «сабачае мяса», але не перашкаджаюць забойству сабак і продажы іхнага мяса. Гандляры на рынках проста прыкрываюць словы «сабачае мяса», каб людзям гэта не лезла ў вочы. Але забойствы працягваюцца, спажыванне такога мяса працягваецца», – кажа іншая ўладальніца сабакі Су Пін.

У той час як кітайскі сярэдні клас ужо даўно забыў часы, калі на валоданне сабакамі глядзелі як на буржуазную звычку, у некаторых рэгіёнах краіны, як Юй-Лінь, нічога не змяняецца. Мясцовыя жыхары ядуць мяса сабакаў так жа, як і любое іншае.

Цягам фестывалю ў Юй-Ліне штогод забіваюць каля 10-15 тыс. сабакаў.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў