Абаронцы Курапатаў распачынаюць штодзённую варту


Павал Севярынец. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Актывісты, якія пратэстуюць супраць адкрыцця рэстарацыі «Паедзем, паядзім» каля ўрочышча Курапаты, будуць штодзённа дзяжурыць на месцы ад 12-й гадзіны.

Сёння каля так званага «Бульбаш-холу», дзе яшчэ 1 чэрвеня планавалі адчыніць рэстарацыю, прайшла нарада абаронцаў Курапатаў. Усяго сабраліся каля дзясятку актывістаў.

Як распавёў belsat.eu Павел Севярынец, яны распрацавалі план па абароне на бліжэйшы тыдзень. Вось што будзе адбывацца каля рэстарацыі:

Аўторак, 5 чэрвеня, 12:00. Актывісты робяць надпісы і малюнкі на асфальце перад брамаю;

Серада, 6 чэрвеня, 18:00. «Паэтычная абарона» – чытанне вершаў, прысвечаных Курапатам;

Чацвер, 7 чэрвеня, ад 16:00 да 18:00. Пратэставая імпрэза «Не паеду, не паем»;

Пятніца, 8 чэрвеня, 12:00. Актывісты размесцяць інфармацыю аб сталінскіх рэпрэсіях у Курапатах на плоце ўстановы;

Субота, 9 чэрвеня, 12:00. Плэнер беларускіх мастакоў ля рэстарацыі;

Нядзеля, 10 чэрвеня, 12:00. Выступ беларускіх бардаў, там жа.

«Акрамя гэтых падзеяў, мы будзем рабіць захады, каб паўплываць на чыноўнікаў. Будуць паходы абаронцаў у профільныя міністэрствы – Мінгандлю і Мінкультуры, а таксама ў Менаблвыканкам. Мы падтрымалі рэзалюцыю, прынятую на ўчорашнім мітынгу, паводле якой мы прапануем дзяржаве знесці гэты комплекс будынкаў, як незаконна пабудаваны ў ахоўнай зоне ўрочышча», – дадаў Севярынец.

Нагадаем, на мінулым тыдні стала вядома, што ў 50 метрах ад Курапатаў адчыняецца рэстарацыя «Паедзем, паядзім». Увечары 31 траўня там пачаліся пратэсты – на пікет ля МКАДу выйшлі актывісткі Вольга Нікалайчык і Ніна Багінская. Нікалайчык была затрыманая сілавікамі ў цывільным і правяла ноч у пастарунку.

Удзень 1 чэрвеня, калі чакалася адкрыццё ўстановы, абаронцы сабраліся на акцыю пратэсту, тое ж паўтарылася і ў суботу, 2 чэрвеня. Учора ў Курапатах прайшоў мітынг-рэквіем, прымеркаваны да 30-й гадавіны выхаду артыкула «Дарога смерці – Курапаты», у якой упершыню распавядалася праўда аб сталінскіх расстрэлах у гэтым месцы. У выніку рэстарацыю дагэтуль не адчынілі.

Комплекс будынкаў раней называўся «Бульбаш-хол», цяпер імаверны ўласнік – кампанія «БелРэстІнвест» – перайменавала яго ў «Паедзем, паядзім». Паводле словаў дырэктара кампаніі Андрэя Ярмоленкава, ён здае будынак ТАА «Амізбел». З кіраўніцтвам гэтага прадпрыемства выйсці на кантакт у прэсы пакуль не атрымліваецца.

У 30-я гады ў Курапацкім лесе НКВД былі растраляныя, паводле розных ацэнак даследчыкаў, ад 100 да 250 тысяч чалавек.

КA, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары