Абаронцы Курапатаў ідуць да чыноўнікаў


Сёння а 14:00 абаронцы Курапатаў плануюць наведаць Генеральную пракуратуру, Менаблвыканкам і Дзяржкантроль.

А 12:00 адбудзецца паседжанне юрыдычнай групы, на якой будуць складзеныя дакументы, неабходныя для перадачы ў дзяржструктуры. Пакуль частка актывістаў будзе на прыёме, другая частка працягне варту да 24 гадзіны.

«Патрабаванні ў нас якімі былі, такімі і застаюцца: зачыніць, знесці або перанесці рэстарацыю», – паведаміў Павал Севярынец.

Севярынец зазначае, што варта будзе працягвацца і надалей.

«Стаім. Усё толькі пачалося», – кажа Павал.

28 траўня стала вядома, што 1 чэрвеня каля Курапатаў плануе адчыніцца рэстарацыя.

31 траўня абаронцы Курапатаў пайшлі ў Менаблвыканкам, каб паразмаўляць з чыноўнікамі, але афіцыйнай размовы не адбылося, служачыя прапанавалі запісацца на прыём. У неафіцыйнай размове чыноўніца запэўніла, што 1 чэрвеня рэстарацыя не адчыніцца. Гэта пацвердзілі і ў Мінгандлю. Увечары гэтага ж дня пачаліся затрыманні актывістаў, якія вырашылі на ўсялякі выпадак пільнаваць, што адбываецца з рэстарацыяй.

1 чэрвеня каля будынку рэстарацыі «Паедзем, паядзім» у Курапатах прайшла акцыя пратэсту і агульная мабілізацыя абаронцаў Курапатаў. Хоць рэстарацыя і была зачыненая, але туды намагаліся трапіць цяжкавікі з прадуктамі. Абаронцы заблакавалі браму рэстарацыі.

Наступныя некалькі дзён варты прайшлі без асаблівых здарэнняў. Але ўжо 5 чэрвеня пачаліся сутычкі з тымі, хто намагаўся трапіць на тэрыторыю рэстарацыі. На актывістаў склалі некалькі пратаколаў.

6 чэрвеня, калі абаронцы хацелі ўсталяваць намёт, журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву, якая вяла наўпроставую трансляцыю з месца падзеяў, затрымалі міліцыянты. Яе адвезлі ў Бараўлянскі аддзел міліцыі і склалі пратакол па частцы 2 артыкула 22.9 (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў).

Удзельнікі акцыі па абароне Курапатаў намераныя ўключыць менчукоў у кампанію актыўнага байкоту не толькі «Паедзем. Паядзім», але і іншых рэстаранаў, якія належаць яго ўладальнікам: «Гранд Кушавель», «Тусэ», «The View». Таксама яны разлічваюць, што праблема хутка набудзе міжнародны рэзананс.

Неабыякавыя людзі таксама пакідаюць водгукі рэстарацыі. Рэйтынг «Паедзем. Паядзім» не падымаецца вышэй за 1.1 з 5.

Пратэст каля рэстарацыі працягваецца.

Чытайце таксама:

Патрэбна 28 чалавек, каб адстаяць Курапаты. Дашкевіч прапанаваў стратэгію «вайны» з «рэстаранам на касцях»

Сотня цяжкавікоў з харчамі не трапіла ў «рэстаран на костках». Дзясяткі кліентаў не паелі шашлыкоў

Стужка навінаў