Севярынец пра паход у Мінкульт: Яны проста пакрываюць карупцыю


20 чэрвеня актывісты, выступаючы супраць працы «рэстарана на костках» «Поедем поедим», наведалі Міністэрства культуры, каб паспрабаваць прымусіць улады на афіцыйным узроўні звярнуць увагу на праблему забаўляльнага комплексу ў месцы масавых расстрэлаў.

Да сёння ніякіх рэакцыяў з боку ўладаў не было, акрамя адміністрацыйных пратаколаў. Павел Севярынец разам з паплечнікамі абмеркаваў канфліктную сітуацыю з намеснікам міністра культуры Аляксандрам Яцко. Аднак значных зрухаў у пазіцыі ўладаў не пабачыў.

«Мы прапанавалі перагледзець ахоўную зону і вярнуцца да ахоўнай зоны з 2003 году. Але я пабачыў бюракратычны лёд. Гэтую справу правялі для галачкі. Я лічу, што Мінкульт небескаштоўна перакройвае Курапаты. Мяркуючы па ўсім, рашэнне будзе прымаць Лукашэнка. Яны ў разгубленасці і чакаюць. Яны проста пакрываюць карупцыю. Мы будзем стаяць, пакуль аб’ект не перанясуць ці не закрыюць», – кажа Севярынец.

Актывісты патрабуюць прыпыніць дзейнасць «Поедем-поедим» да высвятлення дадатковых абставінаў законнасці будаўніцтва аб’екта. Таксама яны просяць адмовіцца ад практыкі прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці абаронцаў Курапатаў.

Бестэрміновая акцыя пратэсту побач з рэстаранам «Поедем поедим» ля ўрочышча працягваецца ўжо 21 дзень. Уласнік прапаноўваў актывістам грошы за спыненне блакады комплексу.

Тым часам абаронцы Курапатаў звярнуліся з адкрытым лістом да замежных лідараў. Яго падпісалі нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, паэты Уладзімір Някляеў і Алесь Пашкевіч ды іншыя палітычныя і грамадскія дзеячы.

Ахоўная зона ў 2010 годзе, калі падпісалі дамову пра будаўніцтва«аб’екту прыдарожнага сэрвісу», праходзіла пасярэдзіне сённяшняга «Паедзем, паядзім». У 2012 годзе Мінкульт і Генпракуратура заўважылі, што будуецца зусім іншы аб’ект, чымся заяўлены першапачаткова, і загадалі спыніць будаўніцтва. Але праз два гады ахоўную зону вакол мемарыялу зменшылі ў два разы, у выніку чаго стала магчымае будаўніцтва «Бульбаш-холу» – цяпер «Паедзем, паядзім» і бізнес-цэнтру, які пасля леташніх пратэстаў гэтак і не паўстаў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў