Абарона Курапатаў-2018 і 2017: параўноўваем, хто што рабіў ды казаў


Змаганне супраць рэстарацыі ў Курапатах трывае з 31 траўня. Belsat.eu вырашыў параўнаць сёлетнюю абарону Курапатаў з леташняй, калі актывісты амаль два тыдні правялі ў намётавым мястэчку, каб спыніць будаўніцтва бізнес-цэнтру ля ўрочышча. Што рабілі і што казалі некаторыя абаронцы тады і цяпер, а таксама як рэагуюць бізнесоўцы і дзяржава – падрабязна ў нашым матэрыяле.

Зміцер Дашкевіч

палітык, лідар Абароны-2017

У 2017-м:

Менавіта Зміцер Дашкевіч ініцыяваў леташнюю абарону Курапатаў. 20 лютага ён з паплечнікамі-маладафронтаўцамі ўсталяваў намёт на будпляцоўцы і заклікаў іншых далучацца да бестэрміновага пратэсту супраць будаўніцтва бізнес-цэнтру.

Гэта ўсяго толькі брудНя ведаю, можа быць мы ўзяліся за непасільную ношу. Можа быць, гэтым і ня трэба было займацца….

Opublikowany przez Zmitsra Dashkevicha Wtorek, 21 lutego 2017

«Калі сёння знясуць гэты намёт, заўтра ён будзе выстаўлены яшчэ раз», – запэўніваў ён.

Будаўнікі паспрабавалі распачаць працу, але Дашкевіч уступіў у спрэчку з імі, якая перарасла ў штурханіну. З крыкам «Вы тут нічога будаваць не будзеце!», ён пералез праз плот і забраўся на дах трактару на будпляцоўцы.

Дашкевіч начаваў у намёце, штурхаўся з будаўнікамі, спыняў тэхніку, рэгулярна вёў у фэйсбуку стрымы з месца падзеяў. Прыязджаў у лагер з жонкай Настай і двума маленькімі дзеткамі. Вось так апісвалі эмацыйны стан Дашкевіча ягоныя паплечнікі:

Народ, не ведаю на чым трымаецца Зьміцер Дашкевіч, наверна Гасподзь яго трымае, заснуць спрабаваў у намёце, але ж…

Opublikowany przez Ганна Шапуцька Piątek, 24 lutego 2017

Пазней ён жа хадзіў на перамовы да кіраўнікоў «Белрэканструкцыі» – Ігара Анішчанкі і Сяргея Несцерава, пасля чаго тыя вырашылі спыніць свой праект. Дашкевіч назваў гэта «лакальнай перамогай» і заклікаў абаронцаў разбіраць лагер. У сакавіку Дашкевіч атрымаў 3 содні арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Зміцер Дашкевіч у Курапатах

Цяпер:

На сёлетні пратэст у Курапатах супраць рэстарацыі «Паедзем, паядзім», Дашкевіч адрэагаваў не адразу. У той дзень, калі Павел Севярынец ужо заклікаў да абароны, Дашкевіч коратка сказаў belsat.eu: «Пакуль у нас такой інфармацыі няма, не магу нічога сказаць…»

Ён адзначыў, што «трэба не каментаваць, а рабіць». На нараду абаронцаў 30 траўня Дашкевіч не прыйшоў. Першы пост па тэме з’явіўся ў ягоным фэйсбуку толькі 1 чэрвеня – стрым, як у рэстарацыю завозяць прадукты. Тады актывісты выстраіліся ў «жывы ланцужок» ля брамы і не пускалі аўта, трымаючы ў руках пластыкавыя талеркі з намаляванай мішэнню. У акцыі Дашкевіч удзелу не браў. У спрэчкі з ахоўнікамі і іншым персаналам не ўступаў, ад пратэстоўцаў з талеркамі трымаўся асобна. Затое ён запрасіў на талаку, уладкоўваць тэрыторыю самога ўрочышча і на дазволены ўладамі мітынг КХП-БНФ.

Калі пайшлі размовы, ці варта выстаўляць намёт і пільнаваць, каб рэстарацыю не адчынілі, Дашкевіч выказаўся супраць. З ягоных слоў вынікала, што гэта «не мае сэнсу».

«Калі нехта хоча крыкнуць, што ён паставіць намёт, хай крыкне. Я пагляджу, як ён выйдзе з хаты сваёй. Чаму я кожны раз павінен ставіць намёты? Год таму мы бачылі будоўлю, якая толькі распачыналася, была зусім іншая сітуацыя. А тут усё ўжо гатова, ставіць намёты перад зачыненым будынкам глупа», – сказаў Дашкевіч у эфіры «Белсат» 1 чэрвеня.

Дашкевіч заявіў, што абірае тактыку «доўгатэрміновага змагання». Замест таго, каб перашкаджаць рэстарацыі працаваць фізічна, ён заклікаў раздаваць улёткі з інфармацыяй аб Курапатах і ўхваліў ідэю эканамічнага ціску. Такім чынам, аргументы Дашкевіча – не на карысць адкрытага супрацьстаяння, бо «гэта нерацыянальна».

Павел Севярынец

сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі

У 2017-м:

Браў актыўны ўдзел у абароне, на будпляцоўку, дзе стаялі маладафронтаўцы, 20 лютага прыехаў адным з першых і адразу ж папрасіў сяброў далучацца да абароны.

Севярынец – прыхільнік негвалтоўнага супраціву, але падчас бойкі будаўнікоў з актывістамі, ён дапамагаў маладафронтаўцам.

Удзельнічаў Севярынец і ў нарадзе аргкамітэту па абароне Курапатаў, якая сабралася ў офісе Партыі БНФ, а таксама асабіста сустракаўся са старшынём Менгарвыканкаму Андрэем Шорацам, каб перадаць патрабаванне спыніць будоўлю. Заклікаў на «агульнагарадскія мітынгі», дзе збіралася каля сотні мясцовых жыхароў.

Напрыканцы красавіку-2017 быў пакараны 10 соднямі адміністратыўнага арышту.

Цяпер:

Як толькі ў сеціве з’явілася інфармацыя пра магчымае адкрыццё «Паедзем, паядзім», Павел Севярынец ініцыяваў сход аргкамітэту абаронцаў Курапатаў.

Сам факт, што рэстарацыі дазволілі з’явіцца ля месца сталінскіх расстрэлаў, палітык у інтэрв’ю belsat.eu назваў «КДБшным паскудствам». Ён заклікаў неабыякавых людзей на акцыю пратэсту 1 чэрвеня а 12-й гадзіне, калі чакалася, што ўстанову адчыняць.

Павел Севярынец. Фота – Ірына Арахоўская / Белсат

Усе гэтыя дні Севярынец прыходзіў да брамы і стаяў там па некалькі гадзінаў. Ён прыдумаў форму пратэсту: устаць у ланцужок, трымаючы ў руках талеркі з намаляванымі на іх мішэнямі. Таксама ён запрапанаваў кожнаму з прысутных узяць па аркушу з літарай, каб атрымаўся надпіс «Не кабак, а музей». Севярынец станавіўся перад машынамі, якія спрабавалі праехаць на тэрыторыю рэстарацыі, дыскутаваў з персаналам.

Толькі за адзін дзень 7 чэрвеня на Севярынца склалі 5 пратаколаў. Цяпер ён працягвае знаходзіцца на месцы пратэсту, будзе браць удзел у штодзённай варце з 12 да 24-й гадзіны.

Алесь Кіркевіч

экс-палітвязень, публіцыст

У 2017-м:

Апынуўся на будпляцоўцы, як толькі Дашкевіч абвесціў пачатак абароны. Актыўна змагаўся з будаўнікамі. Кіркевіч амаль штодня браў удзел у курапацкай вахце, начаваў у лагеры.

Алесь Кіркевіч пасля начнога нападу ў лютым 2017

Падчас нападу невядомых на лагер 23 лютага Кіркевіча паранілі драўлянай бітай у скронь, але ён паспеў паведаміць журналістам аб здарэнні. Той жа ноччу ён заявіў, што не будзе звяртацца ў міліцыю з нагоды нападу, хаця і пацярпеў больш за астатніх.

«…Зараз абрэжуць гэты клапцік зямлі. Пасля будзе наступны, наступны. То бок трэба раз і назаўжды адбіць ахвоту ў чыноўнікаў і інвестараў лезці ў гэтую тэрыторыю. Гэта святое, усё, не можна сюды лезці», – такім чынам у 2017 годзе ў праграме «Размова дня» на «Белсаце» Кіркевіч тлумачыў сваю матывацыю.

Кіркевіч у сваім артыкуле на budzma.by заклікаў да дыялогу з уладамі.

«Відавочна, што ва ўладзе ёсць плынь, якая таксама не супраць кампрамісу ў пытанні Курапатаў, не супраць развязкі драмы… Калі не, то мы зноў і зноў будзем вяртацца ў Курапаты, нібы ходзячы па коле».

Цяпер:

У сёлетняй абароне Кіркевіч удзелу не бярэ. Акрамя таго, ён доўгі час публічна не каментаваў сітуацыю.

Першае выказванне па тэме прагучала ад Кіркевіча праз тыдзень пасля пачатку пратэстаў. На тым жа budzma.by «топавы» ўдзельнік леташняй абароны Курапатаў называў цяперашнюю ініцыятыву «дном пратэсту». Паводле яго, у сёлетняй абароне няма «пазітыўнага сцэнару». Кіркевіча не задавальняе эстэтыка Абароны-2018, не падабаюцца «воклічы пра карчму на костках, хоць пад карчмой аніякіх костак няма». Параноя, сюр, эксцэнтрычная публіка – публіцыст не шкадуе эпітэтаў.

Каментуючы законнасць існавання рэстарацыі ў гэтым месцы, Кіркевіч спасылаецца на словы старшыні Таварыства аховы помнікаў Антона Астаповіча. З нядаўняга часу той запэўнівае, што тэрыторыя рэстарацыі нібыта ўкладаецца ў мяжу ахоўнай зоны мемарыялу, то бок, нічога не парушае.

«Мы не можам адсяліць увесь Менск з прычыны таго, што тут на кожным кроку кагосьці расстрэльвалі, вешалі, катавалі», – парыруе Кіркевіч.

Антон Астаповіч

старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры

У 2017-м:

Тады Антон Астаповіч сцвярджаў, што змены ахоўных зонаў у Курапатах былі незаконныя. Даследчык накіраваў адпаведныя звароты ў Галоўбудэкспертызу і КДБ (бо лічыў, што ў гэтай будоўлі прысутнічаюць прыкметы карупцыйных схемаў).

«Вакол Курапатаў небяспека будзе вісець у паветры заўсёды – невядома, дзе паўстане новая «лінія фронту». Па адной простай прычыне: сістэмна не працуе заканадаўства, – кажа адмысловец. – Пакуль яно не выконваецца, гэта будзе пагражаць і Курапатам, і іншым помнікам», – казаў Астаповіч у інтэрв’ю «Белсату» летась.

Цяпер:

У 2018 годзе Антон Астаповіч заявіў, што адкрыццё рэстарацыі ў Курапатах адбываецца ў межах заканадаўства, а пратэстоўцаў назваў «палітычнымі лузерамі», якія проста «спекулююць на касцях».

«Нашая публіка зараз дагуляецца да таго, што ўсё гэта абрыдне ўладам і яны ўвогуле прыбяруць ахоўную зону вакол Курапатаў. Зробяць яе межы аднолькавымі з межамі самога помніка. Абрэжуць, і гэта будзе ў межах закону. Я вам хачу сказаць, што Курапаты – гэта адзіная гісторыка-культурная каштоўнасць у Беларусі, якая мае такія шыкоўныя ахоўныя зоны» (цытата з інтэрв’ю Радыё Свабода)

Эдуард Пальчыс

блогер

У 2017-м:

Пальчыс дапамагаў уладкоўваць намётавы лагер і адказваў за «інфармацыйнае забеспячэнне» пратэсту.

Разам з блогерам Антонам Матолькам ён прыязджаў амаль штодзённа, хадзіў на прыём у Менгарвыканкам, публікаваў шмат заметак у сваім блогу 1863х.com. Пазней атрымаў за сваю актыўнасць штраф 230$.

«Их топчут, бьют, рвут одежду, втаптывают в грязь. Они продолжают стоять, сколько могут. А всё потому, что вновь покою Куропат угрожают моральные ублюдки. Из-за махинаций с землёй, в ранее охраняемой зоне решили построить офисный центр и кафе. Без согласований с местными жителями, с сомнительной арендой земли и возможной коррупционной составляющей», – гэтак Пальчыс апісваў супрацьстаянне ў Курапатах.

Цяпер:

Заклікае да «больш культурнай барацьбы» за Курапаты. На ягоную думку, не маю сэнсу штодня «біцца тут з прыватнымі людзьмі, якія не ведаюць, што на гэтым месцы было». Паводле Пальчыса, грамадскасць можа не зразумець пікетавання рэстарацыі. Сам ён туды некалькі разоў прыязджаў, але ўдзелу ў пікетах не браў.

Замест акцыяў пратэсту ён заклікае да інфармацыйнай кампаніі: напрыклад, можна пакідаць негатыўныя водгукі рэстарацыі «Паедзем, паядзім» на адмысловых сайтах. Ён упэўнены, што рэстарацыя ля Курапатаў «сама збанкрутуе са шматлікіх прычынаў».

Разам з тым блогер выпусціў падрабязнае расследаванне, у якім устанавіў сапраўдных уласнікаў бізнесу.

Дзяржава і сілавікі:

У 2017-м:

Падчас абароны міліцыя не спрабавала разбурыць лагер, не адбірала намёты, не затрымлівала арганізатараў на месцы, не разганяла сходы. Сілавікі ў цывільным умяшаліся, калі маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі прыкаваўся кайданкамі да бампера МАЗу. Некалькі ўдзельнікаў пратэсту постфактум былі пакараныя штрафамі і арыштамі. Зрэшты, таямнічых нападнікаў з бітамі міліцыя не ідэнтыфікавала.

Бойка ў Курапатах 24 лютага 2017

Дзяржаўны канал «Беларусь-1» выпусціў праграму пад назвай «Курапаты – месца смутку і памяці». Былы галоўны рэктар газеты «СБ. Беларусь сегодня» Павел Якубовіч зладзіў «круглы стол» з удзелам намесніка старшыні КДБ, нават папрасіў Адміністрацыю прэзідэнта «узяць пад апеку» мемарыял у Курапатах. Ён выступаў з міралюбівай рыторыкай кшталту «Гісторыя павінна нас аб’ядноўваць» і абвясціў конкурс на лепшы праект мемарыялу. Пазней Якубовіч заявіў, што сабраў 3 тыс долараў на яго стварэнне, аднак ідэя дагэтуль не рэалізаваная.

Калі абаронцы дэмантавалі лагер, ва ўрочышча прывялі сяброў праўладнай Камуністычнай партыі, «Белай Русі» і БРСМ.

Цяпер:

Міліцыянты ў цывільным затрымлівалі журналістку «Белсату», ініцыятара абароны Паўла Севярынца, Вольгу Нікалайчык, Дзяніса Урбановіча, які напісаў на плоце рэстарацыі «Шынок НКВД зачынены». Сілавікі не далі пратэстоўцам раскрыць намёты. Амаль увесь час вялася аператыўная здымка, побач стаялі машыны ДАІ.

Затрыманне Дзяніса Урбановіча ў Курапатах. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Як адзначыў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч у каментары «Еўрарадыё», у сілавікоў «вельмі прагматычны, просты падыход» да сітуацыі. Паводле Шуневіча, праваахоўнікі «будуць рэагаваць толькі на парушэнні грамадскага парадку», калі яны будуць у любога з бакоў канфлікту.

Бізнесоўцы

У 2017-м:

Кіраўнікі кампаніі-забудоўшчыка «Белрэканструкцыя» – Ігар Анішчанка і Сяргей Несцераў заявілі, што не будуць працягваць працы, калі людзі кідаюцца пад колы тэхнікі. Анішчанка быў разгублены сітуацыяй, бо набыў гэты зямельны ўчастак у дзяржавы на аўкцыёне яшчэ ў 2013 годзе, прайшлі грамадскія абмеркаванні, ніякіх праблем з выдачай дазволу на будаўніцтва не ўзнікала.

Сустрэча кіраўніцтва кампаніі “Белрэканструкцыя” са Зміцерам Дашкевічам, фота з ягонай старонкі ў Facebook

«Нас паставілі ў супрацьстаянне з людзьмі, якія хочуць абараніць памяць рэпрэсаваных. Я таксама хачу абараніць іх памяць. І жаданні людзей і іх дзеянні нам зразумелыя», – сказаў Анішчанка.

Анішчанка і Несцераў сустрэліся са Змітром Дашкевічам і прыпынілі будоўлю. Цяпер на месцы будпляцоўкі на вуліцы Мірашнічэнкі, 49 пасадзілі дрэвы. Кампанія панесла страты, новай пляцоўкі ўлада не прапанавала, грошы не кампенсавала.

Цяпер:

Да гэтага тыдня было невядома, хто канкрэтна валодае комплексам будынкаў, які раней называўся «Бульбаш-хол». Як высветліў Tut.by, сапраўднымі ўладальнікамі аказаліся беларускі рэстаратар Леанід Зайдэс (32% акцыяў), рэзідэнтка Ізраілю Ала Сурыс, амерыканская кампанія Lenton realtу LLC і зарэгістраваная на Кіпры «Белсі Інвэстмэнтс Лімітэд». Афіцыйных каментароў з іх боку пакуль не было.

Нягледзячы на пратэсты, рэстарацыя таемна адчынілася ўначы 5 чэрвеня і цяпер прымае наведнікаў.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў