Аб’яўлены збор сродкаў на акцыю пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску


Беларускі нацыянальны кангрэс (БНК), лідарам якога з’яўляецца Мікалай Статкевіч, просіць усіх неабыякавых беларусаў прыняць удзел у падрыхтоўцы акцыі пратэсту 1 траўня.

У заяве, апублікаванай на сайце БНК, адзначаецца, што для правядзення акцыі на Кастрычніцкай плошчы патрэбны сродкі на сцягі, транспаранты, улёткі і налепкі, а таксама на транспартныя выдаткі для прыезду ўдзельнікаў акцыі з рэгіёнаў. Сродкі на акцыю прапануецца ахвяраваць або праз каардынатараў БНК, або праз пералічэнне грошаў на банкаўскія карткі, нумары якіх пазначаны на сайце.

«Мы заклікаем грамадскіх актывістаў, блогераў і журналістаў да салідарнасці. Дапамажыце максімальна шырока распаўсюдзіць інфармацыю аб акцыі. Дзяліцеся сваймі ідэямі і прапановамі – кожнае з іх будзе пачутая», – заяўляюць у БНК.

На сайце БНК таксама адзначаецца, што на падрыхтоўку акцыі 25 сакавіка беларусы ахвяравалі больш за 2 тысячы USD.

Мікалай Статкевіч аб’явіў аб намеры правесці 1 траўня масавую акцыю пратэсту ў цэнтры Менску яшчэ 27 сакавіка – адразу пасля вызвалення з СІЗА КДБ.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў