ААН прызнаў далучэнне Крыму да Расеі «часовай акупацыяй»


15 лістапада камітэт Генеральнай асамблеі ААН па правах чалавека прыняў ініцыяваную Украінай рэзалюцыю па акупаваным Крыме, у якой Расея называецца дзяржавай-акупантам.

Мэтай рэзалюцыі Украіна называла абарону канстытуцыйных правоў украінцаў і крымскіх татараў на акупаваных тэрыторыях. У дакуменце агучаны заклік да Расеі прадставіць міжнародным праваабаронцам механізм бесперашкоднага доступу на тэрыторыю Крыму дзеля маніторынгу сітуацыі з правамі чалавека.

Падчас паседжання камітэту, дырэктар Дэпартаменту па гуманітарнай супрацы і правах чалавека МЗС РФ Анатоль Віктараў заявіў, што дакумент «не мае нічога агульнага ні з рэальным становішчам спраў у Крыме, ні з меркаваннем ды інтарэсамі жыхароў паўвострава».

«Упэўнены, што шмат украінцаў аддалі б перавагу жыць так, як цяпер жывуць крымчане, гэта значыць ва ўмовах міру, паступальнага эканамічнага развіцця і сацыяльнай абароненасці. Менавіта такая цяпер сітуацыя ў Крыме, нягледзячы на спробы Кіева, так моцна заклапочанага правамі больш чым 2 млн жыхароў паўвострава, арганізаваць ягоную водную, энергетычную і харчовую блакаду», – заявіў расейскі дыпламат.

За рэзалюцыю прагаласавалі 73 дэлегацыі, супраць – 23, 76 – устрымаліся. Супраць прыняцця рэзалюцыі галасавалі: Расея, Беларусь, Вʼетнам, Венесуэла, Інданезія, Індыя, Ірак, Іран, Кітай, Куба, Кыргызстан, Лаос, М’янма, Паўночная Карэя, Сінгапур, Сырыя, Таджыкістан, Узбекістан, а таксама некалькі краінаў з афрыканскага кантыненту.

«Цяпер фармулёўка «часовая акупацыя ўкраінскай АРК (Аўтаномная рэспубліка Крым – Заўв.belsat.eu) і горад Севастопаль» – афіцыйна ва ўсіх дакументах ААН да моманту дэакупацыі Крыму», – напісаў у сваім «Twitterʼы» міністр замежных справаў Украіны Павел Клімкін.

Нагадаем, што Міжнародны крымінальны суд у Гаазе прызнаў сітуацыю з Крымам раўназначнай міжнароднаму ўзброенаму канфлікту паміж Украінай і Расеяй, паведамляецца ў справаздачы папярэдняга расследавання пракурора гэтага суда Фату Бэнсуды (Fatou Bensouda).

Большасць чальцоў ААН не прызнае крымскага рэферэндуму, які адбыўся ў 2014 годзе. Заходняя супольнасць («Вялікая сямёрка», дзяржавы-чальцы НАТО, Еўразвязу, Рады Еўропы) расцаніла дзеянні Расеі як агрэсію, анексію часткі ўкраінскай тэрыторыі, парушэнне яе тэрытарыяльнай цэласнасці.

15 красавіка 2014 года Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон, які абвясціў Крым і горад Севастопаль тэрыторыямі, акупаванымі ў выніку «ўзброенай агрэсіі Расейскай Федэрацыі».

У 2014 годзе карэспандэнты «Белсату» на свае вочы пабачылі і зафіксавалі, як адбывалася анексія Крыму.

ЮВ, belsat.eu, паводле unian.ua, ТАСС

Глядзі таксама
Каментары