ААН: Працоўны час будзе скарачацца ў выніку росту тэмпературы


Арганізацыя абʼяднаных нацыяў палічыла, колькі будзе каштаваць сусветнай гаспадарцы скарачэнне працоўнага часу ў выніку глабальнага пацяплення.

Рост тэмпературы можа стаць прычынай скарачэння працоўнага часу ў найбяднейшых частках свету. А гэта ў сваю чаргу да 2030 года абыдзецца сусветнай эканоміцы ў $ 2 млрд, вынікае з дадзеных ААН.

У той жа час у дакладзе, апублікаваным арганізацыяй «Health and Environment International Trust» (Новая Зеландыя), гаворыцца, што высокія тэмпературы акажуць негатыўны ўплыў на ВУП 43 дзяржаваў.

Пад пагрозай знаходзяцца азіяцкія дзяржавы, у тым ліку Кітай, Інданезія, Тайланд, Малайзія. Па прычыне пацяплення да 2030 года ВУП Кітаю знізіцца на 1 %, а ВУП Інданезіі, Тайланду, Малайзіі ды Філіпінаў – на 6 %.

Высокія тэмпературы адабʼюцца таксама на эканоміцы краінаў з іншых кантынентаў – ВУП Мексікі павінен да 2030 года ўпасці на 4 %, а Нігерыі ды Ганы – амаль на 7 %.

Экстрэмальныя тэмпературы ў паўднёвай ды ўсходняй Азіі ўжо сталі прычынай скарачэння часу працы ў рэгіёне на 15-20 %, а ў выпадку працягу кліматычных зменаў колькасць гадзінаў працы можна скараціцца нават на 40 % да 2050 года. Апошнія лічбы вынікаюць з дакладу медычнага часопісу «Asia-Pacific Journal of Public Health».

НМ, belsat.eu, паводле Pap.pl

Глядзі таксама
Каментары