ААН прадказвае эскалацыю канфлікту на Данбасе і рэкамендуе Украіне расследаваць блакаду Крыму


Рызыка аднаўлення баявых дзеянняў застаецца высокай, адзначаецца ў чарговай справаздачы місіі ААН у правах чалавека ва Украіне.

Справаздача ахоплівае перыяд з 16 лістапада 2015 года па 15 лютага 2016-га. У дакуменце гаворыцца, што за гэты перыяд праз узброены канфлікт на ўсходзе Украіны загінула 21 цывільная асоба і 57 (сярод іх 8 дзяцей) атрымалі раненні. У зоне канфлікту жыве каля 3 млн чалавек, адзначаецца ў справаздачы.

«Тэрыторыі, якія кантралююцца ўзброенымі групамі, зʼяўляюцца найбольш уразлівымі ў пытаннях парушэння правоў чалавека», – падкрэсліваюць аўтары справаздачы і зазначаюць, што на тэрыторыі ЛНР і ДНР функцыянуюць паралельныя адміністратыўныя структуры і створана заканадаўчая база, якая парушае міжнароднае права.

У справаздачы таксама ўтрымліваецца рэкамендацыя для ўладаў Украіны аб неабходнасці правесці расследаванне ў справе гэтак званай энергетычнай і прадуктовай блакады Крыму, у якой прымалі ўдзел прадстаўнікі крымскататарскага Меджлісу і арганізацыі «Правы сектар». УВКПЧ заклікае Кіеў «забяспечыць грамадскую бяспеку і вяршэнства права ў паўднёвых раёнах Херсонскай вобласці (мяжуе з Крымам – заўв. belsat.eu)».

«УВКПЧ зафіксавала паведамленні аб знікненнях, затрыманнях і ўтрыманні пад вартай без сувязі з вонкавым светам, катаваннях і жорсткім абыходжанні, беспакарана ўчыненых працаўнікамі ўкраінскіх праваахоўных органаў, пераважна СБУ».

Місія ААН заклікае Украіну расследаваць такія выпадкі.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары