ААН: Першы дзень перамірʼя ў Сірыі абнадзейвае


Фота: АР/Хасан Амар

Такую заяву зрабіў спецыяльны пасланнік генеральнага сакратара ААН у Сірыі Стафан дэ Містура, перадае інфармацыйнае агенцтва AP. Перамірʼе пачалося ў ноч на 27 лютага.

«Першая ноч і першы дзень (пасля ўвядзення рэжыму спынення агню – заўв. belsat.eu) ствараюць уражанне, што ўсе бакі канфлікту маюць сурʼёзныя намеры спыніць гэты гвалт», – сказаў дэ Містура.

Дамоўленасць пра рэжым спынення агню не распаўсюджвацца на дзве тэрарыстычныя групоўкі, якія дзеяць у Сірыі – «Ісламскую дзяржаву» ды «Фронт Ан-Нусра». На думку кіраўніка фракцыі Сірыйскай свабоднай арміі «Армія Ярмука» Башара Аз-Зоубі, замірэнне ненадзейнае, бо дазволіць Расеі і Башару аль-Асаду абстрэльваць пазіцыі паўстанцаў там, дзе яны судакранаюцца з пазіцыямі тэрарыстаў.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў