ААН: Апошнія 10 дзён на Данбасе былі самымі крывавымі


Колькасць загінулых на Данбасе з пачатку канфлікту, паводле ААН, перавышае 5 тысяч асобаў «і можа быць значна большаю». Апошнія ж 10 дзён баявых дзеянняў называюць самымі крывавымі з часоў падпісання Менскага пратаколу. Паводле пацверджаных звестак, загінулі 262 асобы.

ААН зазначае, што на Усходзе Украіны назіраецца эскалацыя канфлікту ў звязку з актывізацыяй баевікоў ды іх нежаданнем ісці на перамовы з Кіевам.

«Значнае абвастрэнне сітуацыі назіраецца ад 13 студзеня, агульная колькасць загінулых ад самага пачатку канфлікту складае прынамсі 5086 асобаў. І мы баімся, што рэальная лічба можа быць значна вышэйшая. Яшчэ прынамсі 10 948 чалавек параненыя» – заявіў 23 студзеня прэс-сакратар ААН па правах чалавека Рупэрт Колвіл.

Агенцтва ААН па справах уцекачоў крытыкуе новыя захады бяспекі, што ўвёў Кіеў. Паводле новых нормаў патрэбныя адмысловыя пропускі на ўезд у зону АТА, што, паводле арганізацыі, «тармозіць намаганні па дастаўцы дапамогі ў зону канфлікту і ўскладняе жыццё для асобаў, што ратуюцца ад баявых дзеянняў».

Днямі адзін з лідараў баевікоў Аляксандр Захарчанка заявіў аб намеры «пашырэння наступу» ды адмовіўся ад перамоваў у ранейшым фармаце – з удзелам прадстаўнікоў Украіны, Расеі і АБСЕ.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў