«А нам чаго баяцца?». Жыхары Масквы пра бойку бандаў на Хованскіх могілках


Месца злачынства выглядае даволі спакойна. Нічога не ўказвае на тое, што тры дні таму тут адбыўся найбуйнейшы за апошнія гады адкрыты канфлікт мафіі ў Маскве. У выніку загінулі трое мігрантаў з Таджыкістану, яшчэ некалькі дзясяткаў атрымалі раненні.

Канфлікт адбыўся ля царквы Святога Іоана Хрысціцеля: гастарбайтары з Сярэдняй Азіі ў суботу кінуліся з рыдлёўкамі і металёвымі стрыжнямі на чачэнцаў, узброеных аўтаматамі Калашнікава – прадстаўнікоў так званай маскоўскай «мафіі могілак» – якія зноў спрабавалі сабраць даніну з камунальных служачых могілак.

«У суботу мяне не было, але сяброўкі, якія былі, распавялі, што як толькі пачулі стрэлы і крыкі, яны адразу ж збеглі, таму і так, ніхто нічога не бачыў. Каб учыніць нешта падобнае на праваслаўных могілках… страшна! Апрача таго, учора сюды прыязджаў амбасадар Таджыкістана з усёй дэлегацыяй, гаварылі з кіраўніцтвам могілак. Сапраўды, крыху баюся цяпер у такім месцы працаваць, але стараюся не думаць пра гэта. У кожным выпадку, вы таксама беражыце сябе! Падыдзіце да той дзяўчыны ў хустцы – яна з Таджыкістана, яе брата ў суботу паранілі», – сказала мясцовая прадавачка кветак Ірына.

Аднак дзяўчына, пра якую ішла размова, шпарка адыходзіць да пазадарожнага «Mercedesʼу» і праз вакно размаўляе па-таджыкску з чалавекам у цёмных акулярах. З нами адмаўляецца размаўляць, хутка садзіцца ў аўтамабіль і з’яжджае са знаёмым.

Затое шараговыя масквічы, якія ў панядзелак прыйшлі на магілы сваіх блізкіх, здавалася, увогуле не пераняліся справаю.

«Яны страляюць адзін у аднаго, а мы пасля вінаватыя!», – абураецца адна з пажылых жанчын у аўтобусе, якая наведвала магілу свайго мужа.

Гэта рэакцыя на меркаванне, што пасля суботніх падзей могілкі ўсё яшчэ могуць быць зачыненыя. Група пенсіянераў неўзабаве пачынае пырхаць ад смеху з анекдоту пра ўдзельнікаў мафіёзнай бойкі – мігрантаў.

Этнічныя расейцы не ўдзельнічалі ў канфлікце, нічога пра яе не ведаюць, і ставяцца да канфлікту абыякава. Святлана Афанасьева, элегантная жанчына сярэдніх гадоў, прыехала з мужам на могілкі ў новым пазадарожніку «BMW». Ніколі не мела справаў з «мафіяй могілак»:

«Мы не баімся, мы ў сябе ўдома. Хаця канешне непрыемна чуць пра такія выпадкі. Для мяне дзіўна, што раптам у Маскве зʼявілася шмат мігрантаў. Але не тое, што яны перашкаджаюць, ці нешта такое. А тут на могілках, сапраўды нікога не чапаюць, прапануюць свае паслугі, каб замест нас могілкі прыбраць, але ніколі не настойваюць, заўсёды вельмі ветлівыя. А ўвогуле, гэтыя могілкі ў Маскве, залатая жыла! 15 мільёнаў асобаў, шмат хто з іх пенсіянеры, можаце сабе ўявіць, колькі людзей кожны дзень трэба хаваць! Таму канфлікты павінны быць, але ўсё гэта адбываецца паміж імі».

Іншых масквічоў трагедыя яшчэ менш зачапіла. У некалькіх метрах ад таго месца, дзе яшчэ ў нядзелю ляжалі гільзы ад куль, Алена Калганава прыбірае магілу свайго памерлага мужа:

«Канешне я пра гэта чула, але ў суботу мяне не было, я была на ўчастку. Баяцца – не баюся прыязджаць сюды, тут цяпер такая ахова, што я сумняваюся, каб хоць адзін з гэтых чачэнцаў нават наблізіўся. Насамрэч, розныя камбінацыі ёсць у рытуальных паслугах. Гэта было заўважна, калі з дачкой хавалі майго мужа некалькі гадоў таму. Але я заплаціла за ўсю зямлю адразу, таму ўжо не маю з гэтым дачынення. Пакуль самастойна магу гэтым займацца, таму стараюся не карыстацца паслугамі гэтых азіятаў. Гэта падазроныя людзі», – сцвярджае Алена, пенсіянерка, якая жыве ў суседнім раёне Цёплы Стан.

Менш гаваркія супрацоўнікі некропалю. Адзіны працаўнік-мігрант, якога можна было знайсці на могілках, не хацеў адказваць на пытанні:

«Я не ведаю, што адбываецца, я проста прыбіраю… Не, я не ведаю нікога, хто ўдзельнічаў у тым, што адбылося», – запэўніў ураджэнец Таджыкістану Абдула.

Іншы рабочы, этнічны расеец, даў зразумець, што ўвесь «бізнес» на могілках памёр, і што большасць гастарбайтараў, па зразумелых прычынах, пакуль не хочуць сюды вяртацца:

«Я таксама нічога не ведаю, спытай ахоўнікаў! Яны таксама не ведаюць? Ну сам здагадайся! У мяне ў кожным выпадку канфлікту з чачэнцамі не было», – пракаментаваў сітуацыю Міхаіл, які цягам дзесяці гадоў працуе на Хованскіх могілках.

Паводле Следчага камітэту Расеі, найбольш верагодным матывам масавай бойкі – у якой бралі ўдзел па меншай меры 200 чалавек – фінансавы, а не этнічны канфлікт. Як піша партал «Медуза», маскоўскае гарадское прадпрыемства рытуальных паслуг «Рытуал», якое мае манаполію на абслугоўванне найбуйнейшых могілак у Маскве, мелася па-чорнаму працаўладкоўваць для фізічнай працы танную рабочую сілу з Таджыкістану і Узбекістану. Праз незаконнасць знаходжання ў Расеі, мігранты не маглі разлічваць на якую-небудзь абарону з боку расейскай паліцыі і сталі ахвярамі бандытаў з Чачэніі і Дагестану, якія прымушалі плаціць ім даніну.

Пасля суботніх падзей, маскоўская мэрыя хутка звольніла дырэктара могілак Юрыя Чабуева, а Следчы Камітэт выдаў запыт на ягоны арышт. У кампаніі «Рытуал» звальненняў і арыштаў аднак не было, і яе прадстаўнікі адмаўляюцца даваць каментары прэсе ў справе падазрэння працаўладкавання па-чорнаму нелегальных мігрантаў.

Караль Лучка, belsat.eu

Стужка навінаў