«А калі «грамадзяне» не захочуць бачыць помнік Леніну?» – Рыгор Сітніца пра сітуацыю з шыльдай да #БНР100


У Менгарвыканкаме патлумачылі, чаму памятную шыльду да 100-годдзя БНР дагэтуль не могуць усталяваць. Прычына – зварот «шэрагу грамадзянаў з негатыўным стаўленнем».

Як вынікае з афіцыйнага адказу Менгарвыканкаму, які атрымала Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), шыльду пакуль не ўсталёўваюць па просьбе грамадзянаў.

«Паступіў шэраг зваротаў ад грамадзянаў Беларусі і прадстаўнікоў грамадскасці з негатыўным стаўленнем да пытання ўстаноўкі памятнай дошкі па вуліцы Валадарскага, 9. Пытанне аб мэтазгоднасці прыняцця рашэння Менгарвыканкаму па ўстаноўцы мемарыяльнай дошкі знаходзіцца на разглядзе», – гаворыцца ў лісце ад намесніка старшыні Менгарвыканкаму Ігара Юркевіча, які цытуе «Наша Ніва».

Сёлета ў сакавіку гарадскія ўлады дазвол далі – нават была прызначаная дата ўрачыстага адкрыцця. Людзі сабралі грошы на выраб шыльды за некалькі гадзін. Праз краўдфандынгавую платформу «Талака» ахвяравалі 7500 рублёў (хаця неабходна было толькі 6000). Дошку адлілі ў бронзе, працаваў над ёй скульптар Ігар Засімовіч.

Глеб Лабадзенка ў студыі ток-шоу «Кожны з нас» заклікае чыноўнікаў павесіць шыльду ў гонар БНР. Фота belsat.eu

Але раптоўна, незадоўга да ўсталявання, улады перадумалі. Паседжанне мастацкага камітэту пры выканкаме некалькі разоў пераносілі на розных падставах (напрыклад, спасылаліся на адпачынкі функцыянераў). У выніку пытанне засталося адкрытым. Ліставанне з Менгарвыканкамам вёў старшыня Саюзу мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца.

– Яны – гаспадары свайго слова, я бачу, самі слова далі – самі забралі. Са свайго боку мы зрабілі ўсё па законе, за паводзіны чыноўнікаў адказваць не магу. Гэтая «група грамадзянаў» проста вырашыла адмяніць гістарычны факт. Скажыце, а калі грамадзяне напішуць зварот, што не хочуць бачыць помнік Леніну на галоўнай плошчы – яго што, не будзе, прыбяруць? Я думаю, за гэта выступаюць тыя, каму страшэнна не падабаецца беларуская гісторыя і дзяржаўнасць. «Па просьбе працоўных» можна зрабіць усё што заўгодна, – сказаў Сітніца ў каментары belsat.eu

Ігар Барысаў, БСДП (Г): «Хочам ведаць спіс гэтых «герояў»

Дэталі шыльды. Ірына Арахоўская / «Белсат»

Старшыня БСДП (Г) Ігар Барысаў заявіў, што цяпер збіраецца накіраваць у Менгарвыканкам запыт з патрабаваннем патлумачыць, што за грамадзяне выступілі супраць шыльды.

– Мы вельмі хочам ведаць спіс гэтых «герояў»! Варта дазнацца, хто яны, якую арганізацыю прадстаўляюць. Улады ж не падаюць ніякай канкрэтыкі, усё надта абстрактна. Мяркую, супраць шыльды ў гонар нашай незалежнасці маглі выступіць 2 групы грамадзянаў – прарасейскія або прасавецкія. У патрэбны момант яны ўзнікаюць, пачынаюць выказваць пратэст, каб на іх маглі спасылацца. А, магчыма, гэта проста прыдумка ўладаў. У любым выпадку, трэба даведацца падрабязнасці, – кажа палітык.

– 25 сакавіка – гэта кропка адліку, з яе пачынаецца гісторыя сучаснай беларускай дзяржаўнасці, менавіта тады яна пачала фармавацца. Значыць, тыя, хто супраць усталявання шыльды, – фактычна супраць незалежнасці нашай краіны, – дадае Ігар Барысаў.

  • Рэпартаж пра тое, як стварылі шыльду – чытайце тут:

Hавiны
«Мы толькі плавім метал, а Бог залівае». Як ствараюць памятную шыльду да #БНР100
2018.03.16 09:37

KA, belsat.eu

Стужка навінаў