Хто сапраўдная арыйка? Фота беларускі было на конкурсе прыгажосці імя Гітлера


Пад здымкамі маладых дзяўчат у расейскай сацыяльнай сетцы «УКантакце» абмяркоўваліся іхныя вочы ды формы твару – гэтак праходзіў конкурс прыгажосці «Міс Остланд». Belsat.eu паразмаўляў з беларускай, фота якой трапіла на галасаванне.

Прапанова паўдзельнічаць у адмысловым конкурсе «сапраўдных арыек» з’явілася ў суполцы «Адольф Гітлер». Назву «Міс Остланд-2014», як патлумачылі адміністратары, надалі конкурсу «ў гонар усіх усходніх земляў Трэцяга Райху».

У групе было больш за 7 тыс. чальцоў, але мерацца «арыйскай прыгажосцю» адважыліся толькі 12 канкурсантак. Некаторыя з дзяўчат напісалі пад сваймі здымкамі, чаму «любяць Трэці Райх і шануюць Адольфа Гітлера». Адна з кандыдатак сцвярджала, што Гітлер быў геніем, а людскія расы адрозніваюцца не толькі выглядам, але і разумовымі здольнасцямі. Пад фота маладой беларускі ў фуражцы афіцэра вермахту, да прыкладу, было напісана, што яна паважае Гітлера за тое, што той… праводзіў доследы на людзях. Хоць стваральнікі пазначылі, што суполка ўкраінская, журналісты ў Ізраілі лічаць, што яе зладзілі расейцы, падае tvp.info

Праз некаторы час суполку «Адольф Гітлер» выдалілі з «УКантакце».

 Belsat.eu змог звязацца з беларускай, фота якой было выстаўлена на галасаванне. Дзяўчына распавяла, што ёй толькі 16 гадоў і яна вучыцца яшчэ ў ліцэі, а здымак падалі ў конкурс без ейнай згоды, украўшы з ейнага профілю «УКантакце». Подпіс пад фота маглі зрабіць з фальшывага акаўнту, прыпускае яна.

«Здымак у фуражцы афіцэра вермахту я зрабіла дзеля прыколу, у мяне шмат здымкаў з рознымі старымі рэчамі. Проста трапілася пад руку фуражка, вось я і вырашыла сфоткацца», – патлумачыла дзяўчына.

Яна прызналася, што даведалася пра конкурс толькі з прыватных паведамленняў «УКантакце», дзе яе абражалі ды слалі пагрозы. З гэтай прычыны інтэрнаўтка папрасіла захаваць сваю ананімнасць.

«Да Гітлера я стаўлюся нейтральна, бо не цікаўлюся дадзенай тэмай. Чула пра яго даволі шмат, але блізка ніколі не цікавілася гэтай тэмай. Я не магу быць расісткай і падтрымліваць Гітлера, бо я сама не належу да арыйскай расы. Я – сумесь альпійскай і пантыйскай расы», – пераконвала маладая беларуска.

Паводле яе, у свеце вельмі шмат рас са сваймі асаблівасцямі, але яна не лічыць, каб нейкая з іх была вышэйшаю за іншых.

Сваю расу, адзначыла карыстальніца сацсетак, можна вызначыць, параіўшыся праз інтэрнэт з адмыслоўцамі. «У нейкіх героях, узорах для наследавання я не маю патрэбы», – адзначыла дзяўчына, але дадала, што ў шмат чым ёй блізкі нарвежскі музыка Варг Вікернес (дзеяч неапаганскага і, на думку шмат каго з ягоных суайчыннікаў, неанацысцкага руху, які адседзеў турэмны тэрмін за забойства – belsat.eu). «Я ацэньваю яго як чалавека таленавітага і наравістага. Да таго ж, ён мой любімы выканаўца. Амаль усе, чыю музыку я паважаю і люблю – добрыя для мяне, але дрэнныя для іншых. Яны рабілі тое, што выходзіла па-за разуменне грамадства», – адзначыла інтэрнаўтка.

Яднаюць яе з музыкам-металістам і рэлігійныя перакананні – дзяўчына прызналася, што лічыць сябе паганкай, а ейныя бацькі ведаюць пра захапленні дачкі і ўсяляк яе падтрымліваюць.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў