Ярмошына ў захапленні ад тэледэбатаў


Кіраўніца ЦВК збіраецца выправіць выбарчае заканадаўства.

Лідзія Ярмошына збіраецца змяніць выбарчае заканадаўства на прадмет вядзення агітацыі. Зрабіць гэта яна хоча пасля выбараў. Пра гэта чыноўніца паведаміла сёння падчас он-лайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

«Я прапаноўваю наогул адысці ад гарантаваных тэле- і радыёвыступаў, перадвыбарчых праграмаў, то бок нейкіх статычных формаў. Тым больш што яны дорага абыходзяцца медыям», – адзначыла яна.

Старшыня ЦВК мяркуе, што ў Беларусі неабходна перайсці выключна на дыскусійныя формы перадвыбарчай агітацыі: «Няхай гэта будуць дэбаты, ток-шоу, праграмныя выступы арганізацыяў і партыяў, якія вылучаюць сваіх кандыдатаў».

Пры гэтым яна падкрэсліла, што ўсё гэта мусіць быць бясплатным. Але калі кандыдат хоча проста пабыць «гаворачаю галавою», то за гэта, на думку старшыні Цэнтрвыбаркаму, трэба заплаціць.

Лідзія Ярмошына дадала, што тэледэбаты паслужылі рэкламаю выбараў 2012 г., дапамаглі выбарнікам атрымаць хаця б частковае ўяўленне пра тое, хто ідзе ў парламент. Акрамя таго, дэбаты шмат даюць моладзі, якая глядзіць іх у інтэрнэце. «Таму я думаю, што дэбаты ў любым выпадку былі карысныя. Я ўвогуле не бачу негатыву, за выключэннем таго, што хтосьці з кандыдатаў дрэнна паводзіўся або займаўся агітацыяй супраць выбараў, з-за чаго дэбаты знялі з эфіру. Але ніякай шкоды працэдуры выбараў нават нейкія негатыўныя моманты не прынеслі», – заявіла на заканчэнне старшыня ЦВК.

belsat.eu

Стужка навінаў