Беразінскі: Такое адчуванне, што сітуацыя з Астапчук – гэта спектакль (Абноўлена)


«Магчыма, Яфімаву проста далі «касцюм», і цяпер ён вымушаны яго насіць», – гэтак кіраўнік парталу goals.by Максім Беразінскі каментуе паведамленне пра тое, што допінг штурхальніцы ядра падсыпаў ейны трэнер.

Яшчэ ўчора Аляксандр Яфімаў у інтэрв’ю “Еўрарадыё” адмаўляўся каментаваць сітуацыю і абяцаў “памяняць прозвішча на Ідыёт”. Ужо сёння ён падрабязна распавёў “Прессболу” гісторыю пра тое, чаму і як дадаў допінг у каву Надзеі. Паводле яго, спартоўка “гарэла як запалка”, а высокія чыноўнікі чакалі ад яе не проста медалю, а “золата”. Тут ён і вырашыў дадаць метаналон у каву, паспадзяваўшыся, што “прэпарат паспее пакінуць арганізм яшчэ да прылёту ў Лондан”.

Паводле Максіма Беразінскага, пакуль разабрацца, што насамрэч адбылося з допінгам, складана. Вынікі Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва (НАДА) пярэчаць таму, што кажуць галоўныя дзейныя асобы гэтага інцыдэнту. «Нам не патлумачылі, з чым звязаная такая рэзкая змена. Раней нам распавядалі, што будуць адстойваць правы спартоўца. Цяпер нічога гэтага няма. Чыноўнікі здаліся, мяркуючы з усяго. Яны гатовыя прызнаць, што допінг быў», – адзначае Максім Беразінскі.

{movie}Максім Беразінскі: з Астапчук і Яфімавым разгулялі спектакль|left|6289{/movie}Надзея Астапчук вылятае з прафесійнага жыцця на год. Ці магчыма адмяніць дыскваліфікацыю, калі ў выніку расследавання сама штурхальніца ядра аказалася невінаватаю? «Каб спартовец апынуўся ўвесь у белым пасля такой сітуацыі – гэта немагчыма паводле законаў антыдопінгавай лабараторыі», – гаворыць кіраўнік парталу goals.by.

Сама Надзея Астапчук настроеная змагацца далей: «Як можна ў гэта верыць? Чалавек мне маці замяніў пасля яе смерці. Усе гэтыя фармулёўкі смешныя. Не веру, што ён гэта мог зрабіць. Гэта нейкі абсурд поўны».

Вынікі расследавання дырэктар НАДА Аляксандр Ванхадла агучыў на прэс-канферэнцыі, на якой адсутнічалі і сама спартоўка, і ейны трэнер.

«Па-за межамі здаровага сэнсу», – гэтак акрэсліў вынікі расследавання былы кіраўнік Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Аляксандр Рудскіх. Ён прыпомніў выпадак, калі анаболік расейскай бар’ерыстцы падсыпаў муж, каб ёй адпомсціць. А вось такіх скандалаў з удзелам трэнераў ён узгадаць не змог.

belsat.eu

Стужка навінаў