У турму за крадзеж двух падшыпнікаў?


Пад варту ўзялі намесніка начальніка трубапракатнага цэху Беларускага металургічнага заводу ў Жлобіне. Яго падазраюць у буйным крадзяжы.

У дачыненні падазраванага жлобінскі раённы аддзел Следчага камітэту расследуе справу аб спробе крадзяжу ў буйным памеры шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненай групай асобаў па папярэдняй змове.

Як паведаміла афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэту па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, падазраваны, змовіўшыся з нявызначанымі асобамі, спрабаваў выкрасці з тэрыторыі заводу два падшыпнікі агульным коштам больш за 32 млн рублёў, аднак “свой злачынны намер не давёў да канца праз незалежныя ад яго акалічнасці”.

Падчас расследавання дапыталі сведак, а таксама зрабілі ператрусы ў хатах падазраванага ды іншых фігурантаў крымінальнай справы. Маёмасць падазраванага арыштавалі, а ў цэху, які ён узначальваў, прызначылі рэвізію.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары