Навошта Беларусі супраца з Саламонавымі Астравамі?


Пра ўсталяванне дыпламатычных дачыненняў паміж краінамі паведаміла сёння прэс-служба беларускага Міністэрства замежных справаў.

Адпаведнае камюніке падпісалі 10 верасня ў Нью-Ёрку сталыя прадстаўнікі Беларусі ды Саламонавых Астравоў пры ААН Андрэй Дапкюнас і Колін Бэк. У гутарцы яны адзначылі, што супрацу трэба развіваць дзеля “ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне, у тым ліку праз пашырэнне кантактаў і супольных праектаў у органах сістэмы ААН”.

Наш новы партнёр месціцца ў паўднёва-заходняй частцы Ціхага акіяну і складаецца з 992 астравоў. Палітычны лад – канстытуцыйная манархія (на чале з брытанскаю каралеваю Элізабэт ІІ) з парламентарнаю сістэмаю ўраду.

Колькасць насельніцтва паводле стану на 2009 г. – крыху больш за 500 тыс. Большасць жыве ў вёсках, дзе дагэтуль пераважаюць традыцыйныя хаціны, крытыя пальмавым лісцем. Адукацыя – неабавязковая, толькі 60 % дзяцей ходзяць у школу.

Хоць афіцыйная мова – англійская, валодаюць ёю ўсяго 1–2 % насельніцтва. У краіне некалькі дзясяткаў дыялектаў, найбольш ужываецца піджын Саламонавых Астравоў (на ім размаўляюць каля 25 тыс. чалавек, разумеюць – амаль 300 тыс.).

Паколькі ў краіне шмат непісьменных, самы папулярны сродак масавай інфармацыі – радыё. Працуюць некалькі дзяржаўных і камерцыйных станцыяў. Ёсць свой інтэрнэт-партал навінаў.

Аснова эканомікі – сельская гаспадарка, галоўныя прадукты экспарту – лес, копра (сушаная мякаць какосаў) і пальмавы алей. Здабыча карысных выкапняў (у тым ліку золата і нікелю) не развітая.

belsat.eu

Стужка навінаў