Падмену дыягназу Някляева абскардзяць


Праваабаронцы просяць міжнародныя арганізацыі медыкаў, каб яны ацанілі дзеянні доктара, які замяніў дыягназ на менш сур’ёзны.

Беларускія праваабаронцы і грамадскія дзеячы рыхтуюць ліст у міжнародныя асацыяцыі медыкаў з прапановай ацаніць дзеянні Віктара Сірэнкі, галоўнага лекара сталічнага Шпіталю хуткай медычнай дапамогі.

“Менавіта ён змяніў першапачатковы дыягназ экс-кандыдата Уладзіміра Някляева [пасля збіцця невядомымі], чэрапна-мазгавая траўма, на менш сур’ёзны – пашкоджанні”, – кажа праваабаронца Алена Танкачова.

“Доктар Сірэнка змяніў дыягназ адразу пасля выкрадання майго мужа са шпіталю, – распавядае жонка Някляева Вольга. – На наступны дзень ён выступіў на дзяржаўным тэлебачанні з заяваю, што ў сутычцы з людзьмі ў цывільным мой муж атрымаў толькі лёгкія траўмы. Але рэпарцёры і сведкі зазначаюць іншае. На відэа яскрава бачна, што Уладзіміру рассеклі галаву, у яго вялікія гематомы на твары”.

Сам Віктар Сірэнка каментаваць дыягназы Някляева адмаўляецца. У размове з “Белсатам” ён толькі адзначыў, што “дзейнічаў у адпаведнасці з заканадаўствам і нормамі прафесіі”. “На маю працу ўплываюць рэкамендацыі вышэйшага кіраўніцтва з Міністэрства аховы здароўя, а не міжнародныя асацыяцыі. Ад свайго непасрэднага начальства нараканняў і скаргаў я не чуў”, – дадаў ён.

belsat.eu

Стужка навінаў