«Падзяка» паралімпійцам: за золата грошай даюць утрая менш


Здаровыя спартоўцы ў Беларусі атрымліваюць за залаты алімпійскі медаль $ 150 тыс., а інваліды – $ 50 тыс.

На Паралімпійскіх гульнях у Лондане Беларусь сёлета заваявала дзесяць медалёў. З іх усе пяць залатых – 18-гадовы плывец Ігар Бокій, які стаўся галоўнаю зоркаю нашай зборнай.

11-ты медаль са скарбонкі паралімпійскай зборнай выпаў у апошні дзень. У плыўца Дзмітрыя Салея забралі бронзу, пасунуўшы яго на 4-е месца, бо суддзі аднавілі “срэбра” аўстралійца Дэньела Шарпа, які перад гэтым быў дыскваліфікаваны.

У агульнакамандным заліку Беларусь заняла 25-е месца са 164 краінаў, якія бралі ўдзел у Паралімпіядзе. На Алімпійскіх гульнях нашая краіна паказала сёлета найгоршы вынік: 13 медалёў (тры залатыя, пяць срэбраных і пяць бронзавых) і 23-е месца.

“…350 здаровых алімпійцаў заваявалі 12 медалёў, а 31 паралімпіец заваяваў 10 медалёў, прычым 5 залатых”, – падлічыў спартовы аглядальнік Уладзімір Даўжэнка.

Не ўсё золата аднолькава зіхаціць

Памер прэміяльных за алімпійскія медалі. Крыніца: http://goals.byПамер прэміяльных за алімпійскія медалі. Крыніца: http://goals.byА вось таго, колькі высілкаў трэба інваліду, каб перамагчы ў спартовых спаборніцтвах, Беларусь не ўлічвае. Паводле айчыннага “каштарысу”, зацверджанага адпаведным указам прэзідэнта, паралімпійскае золата цэніцца ўтрая менш за алімпійскае. За залаты медаль даюць $ 150 i $ 50 тыс. адпаведна, за срэбраны $ 75 тыс. і $ 30 тыс., за бронзу – $ 50 тыс. і $ 20 тыс.

Дарэчы, указ, які з’явіўся сёлета ў чэрвені, павысіў прэміяльныя спартоўцам. На летняй Алімпіядзе 2008 г. у Пекіне і зімовай 2010 г. у Ванкуверы золата ацэньвалася на $ 100 тыс., срэбра – на $ 50 тыс., а бронза – на $ 30 тыс.

Падняліся і ўзнагароды паралімпійцаў: за залаты медаль – з $ 30 тыс. да 50 тыс., срэбраны – з $ 15 да 30 тыс., бронзавы – з $ 10 тыс. да 20 тыс.

Пры гэтым агульнасусветная практыка, якой прытрымліваюцца і ў суседніх Расеі ды Украіне, грунтуецца на тым, каб узнагароджваць паралімпійцаў за медалі роўна гэтак жа, як і іхных калегаў з алімпійскай зборнай.

Дарэчы, штурхальніца ядра Надзея Астапчук, у якой сёлета забралі алімпійскае золата, абвінаваціўшы ў выкарыстанні допінгу, прэміяльных не атрымала.

belsat.eu

Стужка навінаў