Гомельскія міліцыянты: Бяздомніка ніхто не збіваў


Кіраўніцтва Цэнтральнага РУУС Гомлю адмовілася распачынаць крымінальную справу паводле заявы бяздомнага, які скардзіўся на збіццё міліцыянтамі. У адказе, які атрымала актывістка Беларускага Хельсінкскага камітэту Марыя Багдановіч, гаворыцца, што міліцыя дзеяла ў межах закону. Разам з тым міліцыянтам указалі на неабходнасць ветліва і паважліва ставіцца да грамадзянаў.

Гомельскі бяздомны Міхаіл Стральчэня пры дапамозе Багдановіч напісаў заяву начальніку Цэнтральнага РУУС, у якой паведаміў пра беспадстаўнае збіванне яго міліцыянтамі. Заяўнік адзначыў, што, калі ён прасіў міласціну каля сабору, да яго падышлі міліцыянты і прапанавалі прайсці ў апорны пункт. “Сталі хапаць мяне, пагражаць, што завязуць у лес і закапаюць… Я баяўся ехаць з імі ў “апорку”, бо ўсе бяздомныя казалі, што там моцна б’юць. У выніку мяне завезлі на аўтамабілі ў апорны пункт, дзе адзін з міліцыянераў біў мяне дубінкаю па руках, нагах і галаве”, – распавёў Стральчэня. Ён кажа, што яго, як і іншых бяздомных, білі ў аддзеле міліцыі і раней.

Багдановіч ужо была сведкаю жорсткага абыходжання міліцыі з бяздомнымі. На гэтую праблему яна звяртала ўвагу кіраўніцтва міліцыі ды пракуратуры, адзначаючы, што міліцыянты адганяюць ад Петрапаўлаўскага сабору прасіцеляў міласціны. З пракуратуры Цэнтральнага раёну далі адказ, што прасіць міласціну законам не забараняецца, калі пры гэтым не парушаецца грамадскі парадак.

“Я чакала прыкладна такога адказу, бо, на жаль, пацярпелы не зняў пабояў, гэта была ягоная памылка, і хай на гэтай памылцы вучацца іншыя”, – заявіла Багдановіч.

Міліцыянты, якія затрымоўвалі бяздомніка, растлумачылі, што яны заўважылі каля сабору мужчыну, які разам з іншымі прасіў міласціну, і правялі з імі прафілактычную гутарку, падчас якой бяздомныя пакінулі тэрыторыю сабору, а Стральчэня адмовіўся, і яго даставілі ў міліцыю.

Міліцыянты сцвярджаюць, што фізічная сіла да затрыманага не ўжывалася. “Тут не тлумачыцца, у сувязі з чым праводзілася прафілактычная гутарка і чаму бяздомных папрасілі пакінуць гэтае месца. Міліцыя прывыкла лічыць прасіцеляў міласціны не зусім людзьмі. Хацелася б, каб у міліцыі было больш уважлівае і ветлівае стаўленне да грамадзянаў, незалежна ад таго, да якой сацыяльнай катэгорыі яны адносяцца”, – сказала праваабаронца.

belsat.eu

Стужка навінаў