Суд над мастакамі: суддзя не разумее беларускай мовы


Смаргонскі суд разгледзеў адміністратыўныя справы мастакоў суполкі «Пагоня» Валянціна Варанішчы, Генадзя Драздова і Алеся Пушкіна.

Нагадаем, што яны 2 верасня разам з мясцовымі актывістамі зладзілі акцыю ўшанавання ўгодкаў нараджэння Расціслава Лапіцкага, кіраўніка антыкамуністычнага падполля рэгіёну ў пасляваенныя гады.

На ўсіх удзельнікаў акцыі склалі пратаколы аб несанкцыянаваным шэсці (арт. 23.34 КаАП РБ). 3 верасня аднаго з затрыманых, Алеся Цырункова, аштрафавалі на 1 млн руб. Астатнія запатрабавалі адвакатаў, і таму суддзя прыняла рашэнне перанесці суд на 10 верасня.

Працэс пачаўся аб 11:00. Суддзя Людміла Пятрова карысталася дапамогаю перакладчыка. «Бо я не вельмі добра ведаю беларускую мову. Мне патрабуецца пераклад з беларускай на расейскую, каб не было недакладнасцяў падчас працэсу», – прызналася яна, перадае выданне «Салідарнасць».

Першым судзілі Генадзя Драздова, кіраўніка менскага аб’яднання «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў. Прысуд – штраф памерам 3 млн руб.

Каля 14:30 скончыўся працэс над Валянцінам Варанішчам. Яму вярнулі канфіскаваную 2 верасня карціну і вынеслі пастанову – штраф памерам 10 баз. вел. (1 млн руб.).

Далей судзілі Уладзіміра Шульжыцкага, мясцовага актывіста, які выконваў ролю Расціслава Ліпіцкага ў дакументальным фільме Валера Мазынскага «Як пошуг маланкі». Яго пакаралі штрафам – 3 млн руб.

Апошнім быў Алесь Пушкін. Ён сядзеў перад суддзёй з карцінаю на шыі. А 17:50 суддзя прыпыніла працэс і перанесла разгляд ягонай справы на 24 верасня. Гэта было звязана з тым, што перакладчыца, без якой суддзя не можа працягваць размову з Пушкіным, мусіла забіраць дзіця з дзіцячага садка.



Выйшаўшы з залы суда, Алесь Пушкін з партрэтам Лапіцкага на шыі, як і 2 верасня, прайшоў праз усю Смаргонь.

belsat.eu

Стужка навінаў