Дзень ведаў пра... кандыдата ад мясцовай улады


Для падтрымання праўладных кандыдатаў актыўна выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс. Пра гэта заявіў адзін з каардынатараў кампаніі «За свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч.

Паводле яго, назіральнікі фіксуюць факты сустрэчаў праўладных кандыдатаў з працоўнымі калектывамі ў працоўны час. «У працоўны час праводзіла ў Быхаве сустрэчу з працоўным калектывам хлебазаводу кандыдат па Быхаўскай выбарчай акрузе № 81, старшыня Слаўгарадскага райсавету і Слаўгарадскай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Таццяна Кананчук. Адміністрацыя СШ № 9 Маладзечна арганізоўвала педкалектыў і бацькоў вучняў на сустрэчу з кандыдатам па Маладзечанскай сельскай акрузе № 73, дырэктарам ТАА «Бярэзінскае» Станіславам Куляшом. Такіх прыкладаў шмат», – паведаміў Валянцін Стэфановіч.

Ён зазначыў, што шмат хто з праўладных кандыдатаў выкарыстаў Дзень ведаў, 1 верасня, як прычыну для сустрэчы з выбарнікамі з мэтай агітацыі: «Шматлікія праўладныя кандыдаты выступалі на лінейках у школе, ва ўніверсітэтах, на сустрэчах з першакурснікамі і бацькамі першакласнікаў. Вядома, апазіцыйных кандыдатаў да такіх мерапрыемстваў на гарматны выстрал не падпускалі».

Ідэалагічна чужых – «не пушчаць»!

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч канстатуе выпадкі цэнзуры перадвыбарных матэрыялаў апазіцыйных кандыдатаў. Фота belsat.euПраваабаронца Валянцін Стэфановіч канстатуе выпадкі цэнзуры перадвыбарных матэрыялаў апазіцыйных кандыдатаў. Фота belsat.euНазіральнікі ўсё часцей фіксуюць выпадкі супрацьдзеяння з боку афіцыйных асобаў размяшчэнню агітацыйных матэрыялаў апазіцыйных кандыдатаў і правядзенню імі сустрэчы з выбарнікамі. «Берасцейскія філіялы РУП «Белпошта» і РУП «Белфармацыя» адмовіліся даваць месцы для перадвыбарных плакатаў кандыдатаў ад БСДП (Грамада) ува ўсіх паштовых аддзяленнях і аптэках гораду Берасце. 7 верасня на загад кіраўніцтва аднаго з СПК Зэльвенскага раёну была спыненая сустрэча з выбарнікамі кандыдатаў у дэпутаты па Слонімскай выбарчай акрузе № 58 Івана Шэгі (Партыя БНФ) і Міхаіла Караткевіча (Беларуская партыя левых «Справядлівы свет»)», – паведаміў Стэфановіч.

Апрача таго, працягваецца практыка адмоваў апазіцыйным кандыдатам у публікацыі іхных праграмаў і маюць месца шматлікія выпадкі цэнзуры іхных перадвыбарных матэрыялаў.

«Мацвею Хатары, кандыдату ад АГП па Бабруйскай Ленінскай выбарчай акрузе № 78, адмоўлена ў публікацыі праграмы ў газеце «Бобруйская жизнь». З-за заклікаў да байкоту выбараў праграма Юрыя Хашчавацкага, кандыдата ад АГП па Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 7 Менску, не будзе апублікаваная ў газетах «Звязда» і «Рэспубліка». Кандыдата ад Партыі БНФ па Баранавіцкай Заходняй выбарчай акрузе № 5 Мікалая Чарнавуса ў газеце «Наш край» папрасілі выкрасліць тэзісы, дзе была крытыка ўлады. Зведала цэнзуру з боку рэдакцыі газеты «Могилевские ведомости» перадвыбарная праграма Ліліі Сіваковай, кандыдаткі ад партыі «Справядлівы свет» па Магілёўскай Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 86. І такіх прыкладаў шмат», – заявіў праваабаронца.

belsat.eu

Стужка навінаў