Болей інфармацыі ды публіцыстыкі ў жывым эфіры «Белсату»


Штодзённы інфармацыйна-публіцыстычны блок, які выходзіць у жывым эфіры са студыі ў Варшаве, – гэта новая якасць на беларускім медыйным рынку. «Белсат» такім чынам ідзе насустрач чаканням гледачоў, што шукаюць у эфіры тэлеканалу перадусім аб’ектыўнай інфармацыі, якой не знаходзяць у дзяржаўных медыях.

«Белсат» увосень пачынае трансляцыю трохгадзіннага інфармацыйна-публіцыстычнага вечара пад назваю «Студыя «Белсат». Ужо сёння з 19:00 гледачы тэлеканалу змогуць даведацца пра найважнейшыя падзеі ў краіне і свеце, а таксама паслухаць каментары экспертаў і паглядзець прэм’ерныя выданні найлепшых публіцыстычных праграмаў «Белсату». Блок будуць весці ў жывым эфіры са студыі ў Варшаве.

Дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўская-Гузы падкрэсліла: «Студыя «Белсат» – гэта не толькі пералом у дзейнасці тэлеканалу, але і новая якасць на беларускім тэлевізійным рынку. На беларускім дзяржаўным тэлебачанні няма ні навінавага тэлеканалу, ні дынамічных інфармацыйна-публіцыстычных праграмаў у жывым эфіры».

«Белсат» з сённяшняга дня будзе яшчэ больш інфармацыйным тэлебачаннем. Такім чынам мы адказваем на патрэбы нашых гледачоў, якія ў апошніх незалежных даследаваннях падкрэслілі, што на «Белсаце» найчасцей глядзяць інфармацыйныя і публіцыстычныя праграмы», – дадала дырэктарка «Белсату».

У межах даследавання, праведзенага Цэнтрам сацыялагічных і маркетынгавых даследаванняў «Люстэрка-Інфо» («Зеркало-Инфо») 14–28 траўня сёлета на рэпрэзентатыўнай групе 2999 жыхароў Беларусі ва ўзросце 18 гадоў і болей, у якасці найбольш цікавых праграмаў «Белсату» 64 % назвалі інфармацыйныя праграмы. Амаль палова рэспандэнтаў (43 %) адзначыла таксама публіцыстыку і размовы з гасцямі.

Асаблівай увагі заслугоўвае інтэрактыўнасць «Студыі «Белсат». Гледачы змогуць прысылаць вядоўцам SMS-паведамленні з пытаннямі і меркаваннямі. Паведамленні будуць з’яўляцца на інфармацыйным радку ў жывым эфіры. Вядоўца ў студыі будзе звязвацца з гасцямі з Беларусі з дапамогаю «Skype». Гэта асабліва важна ў сітуацыі, калі шмат беларускіх апазіцыйных палітыкаў і каментатараў маюць забарону на выезд за межы Беларусі і не могуць прыехаць у студыю ў Варшаве.

У трохгадзінным блоку важную ролю будзе граць «Аб’ектыў» – інфармацыйная праграма «Белсату». Пасля галоўнага выдання «Аб’ектыву» гледачы ўбачаць аўтарскае падсумаванне дня, якое падрыхтуюць вядомы беларускі палітолаг Уладзімір Мацкевіч і культуролаг Максім Жбанкоў. Паводле кіраўніка інфармацыйных праграмаў «Белсату» Аляксея Дзікавіцкага, для стваральнікаў інфармацыйна-публіцыстычнага вечара важна, каб папулярныя і аўтарытэтныя публіцысты разам з запрошанымі гасцямі штодня каментавалі ды тлумачылі гледачам падзеі ў Беларусі.

«Студыя «Белсат» прапануе таксама агляд прэсы ды інтэрнэт-публікацыяў, агляд культурных падзеяў, спартовыя навіны і прагноз надвор’я.

«Белсат» дасяжны не толькі ўладальнікам спадарожнікавых антэнаў, але і інтэрнаўтам. На сайце http://www.belsat.eu/ будзе весціся трансляцыя блоку «Студыя «Белсат».

Глядзі таксама
Каментары