Антоньё Мілошаскі: У нас Цэнтрвыбаркам прызначае апазіцыя


Кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЕ распавёў пра млявую агітацыю ў Беларусі ды асаблівасці выбарчых кампаніяў на сваёй радзіме – Македоніі.

На думку Антоньё Мілошаскага, кіраўніка місіі доўгатэрміновых назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЕ ў Беларусі, парламенцкая кампанія ў нашай краіне праходзіць “з вельмі малым узроўнем актыўнасці”.

Справаздачу пачытаем 13 верасня

Мілошаскі распавёў, што місія назіральнікаў, якая працуе ў Беларусі з 21 жніўня, стала кантактуе з Цэнтрвыбаркамам, МЗС, Міністэрствам інфармацыі, Вярхоўным Судом ды іншымі зацікаўленымі бакамі. Але звесткі ён з калегамі збірае таксама ад палітычных партыяў, грамадскіх аб’яднанняў, журналістаў, асобных кандыдатаў у дэпутаты і, вядома, з медыяў.

Чыноўнік паведаміў, што цяпер місія рыхтуе прамежкавую справаздачу пра хаду выбарчай кампаніі ў Беларусі, якая будзе гатовая 13 верасня і будзе даступная для ўсіх. Пакуль што аўтары збіраюць інфармацыю ад доўгатэрміновых назіральнікаў у рэгіёнах.

Адказваючы на пытанне пра асаблівасці выбараў у Беларусі, кіраўнік місіі адзначыў, што ў кожнай краіне “свой погляд на выбарчую кампанію і свой выбарчы кодэкс”, таму прынцыпы арганізацыі выбараў адрозніваюцца.

Колькасць выступаў у медыях – неабмежаваная

У якасці прыкладу Антоньё Мілошаскі прывёў сваю краіну – Македонію, дзе кіраўнік Цэнтрвыбаркаму прызначаецца самаю буйною апазіцыйнаю партыяй, а не прэзідэнтам, як у Беларусі, і ўхваляецца парламентам.

Ён таксама адзначыў, што ў Македоніі кандыдаты маюць “неабмежаваныя магчымасці” доступу да медыяў, і наадварот: журналісты могуць увесь час звяртацца да патэнцыйных народных абраннікаў: “Гэта значыць, колькасць сустрэчаў з кандыдатамі, з выбарцамі, колькасць інтэрв’ю – не абмежаваныя”.

belsat.eu

Стужка навінаў