Рада беларускай інтэлігенцыі: Лукашэнка асабіста адказны за злачынствы 19 снежня


Рада беларускай інтэлігенцыі заяўляе, што прэзідэнцкія выбары прайшлі са шматлікімі парушэннямі ды прапаноўвае стварыць міжнародную камісію ў справе расследавання гэтага ды іншых злачынстваў, здзейсненых уладамі 19 снежня. Прадстаўнікі Рады таксама прапаноўваюць правесці новыя выбары прэзідэнта пад міжнародным кантролем.

У заяве Рады адзначаецца, што адказнасць за тое, што адбылося 19 снежня, цалкам ляжыць на Лукашэнку, аднак у тым, што рэпрэсіі адбыліся ў такой жорсткай форме, вінаватыя і прадстаўнікі міжнароднай супольнасці, што ў палітычных мэтах пайшлі на супрацу з прэзідэнтам Беларусі.

“Падзеі 19 снежня яскрава прадэманстравалі ўсяму свету, якая сітуацыя насамрэч існуе ў Беларусі. Гэта ўрок перш за ўсё тым еўрапейскім палітыкам-рамантыкам, якія лічылі, што ігнаруючы праблему, можна яе вырашыць”, – заявіў Уладзімір Колас “Белсату”.

Каментуючы віншаванні прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева Лукашэнку з нагоды абрання таго на пост прэзідэнта, Уладзімір Колас заявіў: “ Мяняць у такой сітуацыі свае меркаванні палітыку – усё адно што губляць твар”.

Пакуль не выпусцяць на волю ўсіх затрыманых, Еўразвяз, ЗША і Расея мусяць увесці санкцыі супраць беларускага рэжыму, лічаць прадстаўнікі Рады. І заклікаюць падтрымаць усіх сумленных грамадзянаў Беларусі і міжнародную супольнасць свае патрабаванні.

Заяву падпісалі 25 чальцоў грамадскай арганізацыі, у тым ліку вядомыя ў Беларусі ды свеце прадстаўнікі навукі і культуры.

belsat.eu

Стужка навінаў