Сцяну плачу ў Ерусаліме ачысцілі ад лістоў і факсаў да бога


У шчылінах старажытных муроў захоўваліся сотні тысячаў цыдулак, якія дасылалі нават факсам або электроннай поштаю.

Сцяну плачу – самае святое месца для юдэяў – штогод наведваюць натоўпы вернікаў. Свае просьбы да бога, напісаныя на кавалачку паперы, яны запіхваюць у шчыліны мура.

Галоўны рабін святыні Шмуэль Рабіновіч у нядзелю загадаў ачысціць сцяну ад старых зваротаў, каб вызваліць месца для новых. Як высветлілася, людзі пішуць да бога так часта, што муры даводзіцца чысціць двойчы на год. Памочнікі рабіна сочаць, каб патаемных зваротаў ніхто не чытаў. Іх збіраюць і закопваюць ля Аліўнай гары.

{movie}Са сцяны плачу ў Ерусаліме дастаюць лісты да бога|left|6254{/movie}Рабіновіч кажа, што вялікую частку пасланняў дасылаюць факсам або электроннаю поштай. Сотні прыходзяць традыцыйнаю поштаю. На канверце пазначана проста: “Да Бога ў Ерусалім”.

Сцяна плачу была часткаю Храмавай гары, на якой стаяў Другі Ерусалімскі храм, разбураны рымлянамі. Яго знішчэнне і аплакваюць юдэі. Цяпер гара ёсць святыняю для юдэяў і мусульманаў.

Працягласць Сцяны плачу – каля 500 метраў, большая частка яе пад зямлёю. Даўжыня адрэзку, ля якога моляцца вернікі, 50 метраў, вышыня – 15.

belsat.eu

Стужка навінаў