З днём народзінаў, Менск!


Жыхары і госці сталіцы святкуюць сёння Дзень гораду – 945 гадоў з моманту першага згадвання Менску ў “Аповесці мінулых гадоў”.

Паводле традыцыі свята пачнецца аб 11:00 з ускладання кветак да абеліску “Менск – горад-герой” прадстаўнікамі ўлады і грамадскіх арганізацыяў.

Апоўдні каля Нацыянальнай бібліятэкі адкрыецца выстава-кірмаш вырабленых у Менску тавараў. На сцэне будуць выступаць фальклорныя калектывы.

У гэты ж час ўрачыстасці пачнуцца і ў іншых месцах у цэнтры гораду. Гэтак, у Траецкім прадмесці з 12:00 да 20:00 пройдзе свята вулічнай музыкі. На ўдзел у ім падалі заяўкі ўжо больш за 50 музыкаў і гуртоў, якія выступяць у розных жанрах на сямі пляцоўках.

Каля Палацу спорту адбудзецца спартовае свята і выступы моладзевых калектываў – да 21:00.

Свята сярэднявечнай культуры з удзелам прадстаўнікоў рыцарскіх клубаў пройдзе з 12:00 да 19:00 у зялёнай зоне паміж абеліскам “Менск – горад-герой” і Палацам спорту.

У ратушы а 12:30 адкрыецца выстава “Кніга-2012”, прысвечаная Году кнігі. Тут выставяць старадрукі, выданні канца XVIII – пачатку XX стагоддзяў, а таксама кнігі беларускіх выдавецтваў пра Менск, на старонках якіх асвятляецца гісторыя места з найстаражытнейшых часоў і да сёння.

З 17:00 да 18:30 у ратушы пройдзе цырымонія ўручэння ўзнагародаў “Мянчук года”. Відэатрансляцыю можна будзе ўбачыць на экране, усталяваным на Ратушнай плошчы.

Некалькі сцэнічных пляцовак будуць працаваць у парку Перамогі. З 12:00 да 18:00 тут пройдзе свята “Вянок нацыянальных культураў”, а 18:00 пачнецца праграма з удзелам артыстаў беларускай эстрады, якая закончыцца а 22:00 феерверкам.

Сёлета Дзень гораду ўцягне ў сваю арбіту дзве новыя пляцоўкі – скверы Янкі Купалы і вуліцу Карла Маркса. У скверы з 12:00 да 19:00 пройдзе свята “Песняры роднага краю”, прысвечанае 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. У выкананні драматычных артыстаў і самадзейных дэкламатараў прагучаць вершы беларускіх класікаў, а музыкі парадуюць святкавальнікаў песнямі, створанымі на вершы Купалы і Коласа.

Свята моладзевай культуры зарганізуюць з 12:00 да 20:00 на пешаходнай вуліцы Карла Маркса. Тут выступяць непрафесійныя артысты і музыкі, пройдзе выстава-продаж модных самаробных аксесуараў.

Святкаванні пройдуць таксама на вуліцах Рэвалюцыйнай і Камсамольскай, дзе будзе рэканструяваны гарадскі побыт XIX стагоддзя, а ў дворыках адбудуцца музычныя, тэатральныя выступы, майстар-класы народнага мастацтва, выставы мастакоў і г. д.

Вялікі святочны канцэрт опернай музыкі можна будзе паглядзець з 19:00 да 21:00 каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру оперы і балету.

Урачыстасці пройдуць і ў кожным раёне гораду. 9 верасня святкаванні атрымаюць працяг у гарадскіх парках. У месцах масавых гулянняў у гэтыя дні зарганізуюць выязны гандаль і кірмашы.

belsat.eu

Стужка навінаў