БРСМ агітуе супраць байкоту выбараў


У Магілёве на Зорнай плошчы перад кінатэатрам “Радзіма” Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі праводзіць марафон “Зрабі свой выбар”, прымеркаваны да 10-годдзя стварэння арганізацыі ды выбараў у Палату прадстаўнікоў.

“Гэтым марафонам мы хочам сказаць, што моладзь зрабіла свой выбар на карысць навукі, на карысць моладзевых ініцыятываў, здаровага ладу жыцця”, – заявіў журналістам першы сакратар Магілёўскага абласнога камітэту БРСМ Дзмітрый Варанюк.

Паводле яго, у межах рэспубліканскага марафону, які стартаваў у Віцебску 6 верасня, у Магілёве прэзентаваныя некалькі пляцовак. “Пляцовак, якія пазіцыянуюць наш выбар, – пляцоўкі здаровага ладу жыцця, пляцоўкі патрыятычнага выхавання, пляцоўкі занятасці моладзі”, – сказаў першы сакратар.

“Таксама прэзентаваны флэш-моб у выбарчай тэматыцы. Бо нашая кампанія “Зрабі свой выбар” прымеркаваная да выбараў дэпутатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”, – падкрэсліў Варанюк. Апагеем імпрэзы ён назваў будучае шоу “Бітва ды-джэяў”.

Адказваючы на пытанне, ці ёсць акцыя БРСМ адказам на байкот выбараў, абвешчаны часткаю апазіцыі, лідар праўладнай моладзевай арганізацыі заявіў: “Можна сказаць і так, бо самае галоўнае – быць актыўным”.

“І мы хочам паказаць, што нашая моладзь сапраўды актыўная – мае грамадзянскую пазіцыю і паказвае свой выбар. Выбар на карысць нейкіх моладзевых ініцыятываў. Нашая моладзь не стаіць на месцы, не маўчыць, яна дзее, і гэтае дзеянне тут відаць”, – сказаў Варанюк.

Тэрыторыя, дзе праходзіць акцыя, абнесеная металічнымі агароджамі. Усіх, хто праходзіў на яе, узмоцненыя нарады спецназу правяралі металадэтэктарамі.

belsat.eu

Стужка навінаў