У Горках плошчу Леніна перайменавалі ў Цэнтральную


Грамадскія актывісты прасілі змяніць назву плошчы Леніна на плошчу Незалежнасці або назваць яе ў гонар Максіма Гарэцкага, аднак райсавет вырашыў, што Цэнтральная – лепш.

Рэдактарка мясцовай газеты «Узгорак», грамадская актывістка Галіна Будная, мяркуе, што новая назва плошчы не прыжывецца. «У нас так склалася гістарычна, што цэнтрам лічыцца іншая частка гораду – там, дзе паштамт, дзе ўнівермаг. А гэтая плошча – тая, на якой стаіць райвыканкам», – патлумачыла яна.

Акрамя таго, на думку актывісткі, назва плошча Цэнтральная – «пустая і не запамінальная». «Думаю, што асноўная частка нашага насельніцтва па звычцы будзе працягваць называць яе плошчаю Леніна або проста казаць ля райвыканкаму», – адзначыла Галіна Будная.

Падчас рэканструкцыі помнік правадыру пралетарыяту з Цэнтральнай плошчы перанеслі на вуліцу Леніна, так што колькасць помнікаў Леніну ў Горках не зменшылася. Між тым, грамадская актывістка адзначыла: «У нас у сельскагаспадарчай акадэміі ёсць яшчэ адзін помнік Леніну. Каля бібліятэкі стаіць. Прычым там пабудавалі новую царкву, і атрымліваецца, што ён рукою паказвае ў бок бажніцы».

belsat.eu

Стужка навінаў