Сезон распродажу: на Гомельшчыне з аўкцыёну прадаюць школу і тры дамы культуры


Школа, дамы культуры і адпачынку, некалькі лазняў пойдуць з малатка ўжо ў кастрычніку. Ахвотным набыць школу з тэрасаю давядзецца выкласці не менш за 19 000 долараў.

Сезон дзяржаўнага распродажу

Дзяржаўны фонд “Гомельаблмаёмасць” у мясцовай газеце даў абвестку аб правядзенні аўкцыёну для продажы дзяржаўнай маёмасці. Сярод лотаў – будынкі грамадскіх лазняў, сталовак, дамоў культуры і моладзі, а таксама некалькіх школаў – агулам 20 лотаў, што збіраюцца пусціць з малатка ў кастрычніку. Таксама фонд хоча пазбавіцца ад бульбасховішчаў, кузняў, зернесушылак і навесаў для сельгасмашынаў, што пустуюць. Пачатковы кошт вагаецца ад 10 да 400 млн беларускіх рублёў.

Амаль задарма

Дзяржаўная (а значыць, народная) маёмасць пойдзе з аўкцыёну ў наступным месяцы трыма партыямі: 2, 3 і 5 кастрычніка. Спачатку чыноўніцтва паспрабуе вызваліцца ад непрацоўных грамадскіх лазняў у Жлобінскім і Рагачоўскім раёнах. За іх хочуць не менш за 227 і 311 млн рублёў адпаведна.

Значна таннейшы аказаўся моладзевы цэнтр, які за 67 млн прадаюць у вёсцы Рэкта Жлобінскага раёну, – відавочна, з-за адсутнасці моладзі. Гандляр калгас “Лукскае” прапаноўвае пакупніку зрабіць там гандлёвыя аб’екты і пункты бытавога абслугоўвання.

Такім жа бачаць лёс уладальнікі трох іншых дамоў культуры, што размясціліся ў вёсках Гомельскага раёну. За 42, 53 і 210 млн там дазволяць адкрываць гандлёвыя аб’екты і тое, што так няпэўна называюць “сацыяльна-бытавымі” пунктамі.

Школа пойдзе з малатка

Распродаж цэлага школьнага комплексу ладзіць аддзел адукацыі Брагінскага райвыканкаму. У вёсцы Дублін можна набыць агульнаадукацыйную школу плошчаю 480 м² (160 млн), школьную майстэрню (10 млн) і сталоўку (24 млн). У сталоўцы пры ўмове рэканструкцыі дазваляюць размясціць дробную вытворчасць або тыя ж сацыяльна-бытавыя аб’екты. Будынак школы і майстэрні таксама патрабуюць рэканструкцыі.

Фантазія гандляроў не ідзе далей за “сацыяльна-бытавыя” аб’екты, што могуць тут паўстаць.

Брагінскі раён сумнавядомы на Гомельшчыне як месца, найбольш пацярпелае ад катастрофы на ЧАЭС. Апошнія дзесяцігоддзі раён перажывае міграцыйны і дэмаграфічны крызіс.

belsat.eu

Стужка навінаў