Да партрэтаў зніклых далучылі выявы Алега Бябеніна і Міхася Башуры


Акцыя салідарнасці са зніклымі апанентамі ўладаў упершыню адбылася не на Кастрычніцкай плошчы, а побач з касцёлам святога Язэпа.

11 гадоў таму зніклі палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. 16 верасня 2005 г. жонка зніклага Ірына Красоўская, журналістка Ірына Халіп і моладзевы актывіст Мікіта Сасім прапанавалі адзначаць Дзень салідарнасці 16 дня кожнага месяца.

Гэтым разам сярод партрэтаў зніклых з’явіліся два новыя: загінулага заснавальніка сайту “Хартыя’97” Алега Бябеніна і паэта ды каардынатара кампаніі “Гавары праўду!” Міхася Башуры, якога са жніўня ўтрымліваюць за кратамі.

Акцыя пачалася з малітвы за вяртанне вернікам касцёлу святога Язэпа. Яна прайшла без умяшання міліцыі. Ёсць звесткі, што некалькі актывістаў затрымалі яшчэ да яе пачатку.

Нагадаем, што з 1999 г. у Беларусі таямніча зніклі былы міністр унутраных справаў Беларусі, генерал Юрый Захаранка, і журналіст Дзмітрый Завадскі, а таксама раптоўна памёр былы спікер Вярхоўнага Савету Генадзь Карпенка.

Беларуская апазіцыя падрыхтавала зварот да старшыні Еўрапарламенту Ежы Бузэка з прапановаю правесці слуханні ў справе зніклых апанентаў беларускага рэжыму.

belsat.eu
16.09.2010

Глядзі таксама
Каментары