«Кабінетны спартовец» раздаў каштоўныя парады алімпійцам


https://youtu.be/u1HoPp6xJ6E
«Трэба біць так, каб не падымаўся», – параіў міністр спорту і турызму Алег Качан беларускаму баксёру Сяргею Карнееву, які рэпрэзентаваў нашую краіну на алімпіядзе.

«Не стараліся»

«Пра асобных спартоўцаў ёсць непацверджаная інфармацыя пра магчымы сабатаж спаборніцтваў, інфармацыя, што яны свядома не паказвалі высокіх вынікаў», – заявіў міністр спорту на супольным паседжанні калегіі Міністэрства спорту і выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

Паводле чыноўніка, спартоўцы і трэнеры не выканалі задачаў, «пастаўленых кіраўніком дзяржавы і Алімпійскім сходам, нягледзячы на створаныя стымулы». У шэрагу відаў спорту выступленні былі «няўдалыя і праваленыя».

Выступленне на спаборніцтвах па спартовай гімнастыцы міністр назваў «нацыянальнаю ганьбаю».

Адмысловец з выканкаму

Алег Качан паведаміў, што згодна з «максімальным прагнозам» беларускія спартоўцы маглі заваяваць у Лондане 31 медаль у 15 відах. У рэальнасці заваявалі 12 медалёў у шасці відах. Прэзідэнт НАК Аляксандр Лукашэнка ставіў задачу заваяваць 25 медалёў. «25 медалёў – гэта дзяржзамова, як на зерне», – заявіў міністр спорту.

Такія незвычайныя параўнанні чыноўніка ад спорту можна патлумачыць ягонаю біяграфіяй – цяперашні міністр пачынаў сваю працоўную дзейнасць на пасадзе агранома эксперыментальнай базы «Новыя Зялёнкі». Пазней скончыў педагагічны інстытут па спецыяльнасці «фізічнае выхаванне», усяго шэсць гадоў папрацаваў трэнерам у спартовай школе, а з 1998 г. працуе на кабінетных пасадах – ад кіраўніка аддзелу спорту Лагойскага выканкаму дарос да міністэрскага партфеля.

Алег Качан заяўляе, што, атрымліваючы вялікія грошы, спартоўцы і трэнеры абавязаныя «працаваць 25 гадзінаў на содзень». «Калгаснікі працуюць 26 гадзінаў і атрымліваюць менш», – заявіў чыноўнік. «Трэба ўмець прызнаваць свае памылкі, а не выкарыстоўваць бервяно ў сваім воку, – ушчуў Качан. – Калі ты памыліўся, саступі месца больш прадпрымальнаму». {movie}Уладзімір Даўжэнка пра паседжанне Мінспорту

Каго прызначаць вінаватым?

Беларускіх спартоўцаў фактычна забавязалі заваяваць 25 медалёў. Фота bymedia.netБеларускіх спартоўцаў фактычна забавязалі заваяваць 25 медалёў. Фота bymedia.netСама практыка «дзяржзамовы на медалі» выклікае сумневы ў адмыслоўцаў. Пасля заканчэння Алімпіяды аглядальнік газеты «Прессбол» Сяргей Шчурко падкрэсліў у інтэрв’ю «Белсату», што нават у Расеі адмовіліся ад «планавых указанняў» на Алімпіядзе.

«25 медалёў – гэта зашмат, гэтак відаць праца нашых чыноўнікаў: яны не думалі пра тое, што некаторыя яўныя прэтэндэнты на медаль прапускалі гэты старт, што хтосьці быў траўмаваны, такое ўражанне, што яны нават не маюць разумення, што выступаюць яшчэ іншыя краіны, – гаворыць Сяргей Шчурко. – Таму яны думаюць: 25 медалёў, а ўвогуле і 65 могуць узяць, а калі пашанцуе – і 100! Гэта развагі дылетантаў».

Тым часам спартовае кіраўніцтва абяцае алімпійцам «разбор палётаў».

Памочнік прэзідэнта ў пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Ігар Заічкаў заявіў, што сёлетняя Алімпіяда была «адною з самых складаных для беларускага спорту», шмат якія вынікі былі «самыя горшыя за ўсю гісторыю». Паводле Заічкава, кіраўніцтва краіны пайшло насустрач пажаданням пастаянна не нагадваць спартоўцам і трэнерам пра задачы, што стаяць перад імі, і старалася лішні раз не «маячыць». Цяпер «за мяккія патрабаванні давядзецца трымаць адказ перад прэзідэнтам і прыхільнікамі спорту». {movie}Уладзімір Даўжэнка пра паседжанне Мінспорту|right|6220{/movie}

У праекце пастановы калегіі Міністэрства спорту і выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту рэкамендуецца вызваліць ад пасадаў больш як 50 спартовых функцыянераў: галоўных і старэйшых трэнераў, дзяржтрэнераў, кіраўнікоў цэнтраў падрыхтоўкі і федэрацыяў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары