Як пабіты сабака: з піцерскай высылкі вярнуўся бяздомны мастак Валер Ляшкевіч


Вулічны мастак Валер Ляшкевіч, які стаўся сімвалам Гомля, вярнуўся на малую радзіму пасля піцерскіх прыгодаў. Ён працягвае маляваць на сваёй любімым “Кіеўскім спуску” ды параўноўвае сябе з пабітым сабакам. За дах над галавой ён гатовы заплаціць усё, што мае: 30 тысячаў расейскіх рублёў.

Вяртанне на радзіму

Пра вяртанне выбітнага гомельскага мастака дадому першая паведаміла Марыя Булавінская – грамадская актывістка і аператарка-пачаткоўца. Яна заўважыла спадара Валера яшчэ ў сераду 29 жніўня, а ўжо у нядзелю 2 верасня зняла пра яго ролік.

Служба інфармацыі “Белсату” звязалася са спадарыняй Булавінскай якраз у той момант, калі яна была побач з мастаком. Каля Кіеўскага спуску – вулачка ў цэнтры, якая вядзе праз парк да Сажа, – спадар Валер маляваў птушак. Зараз ён выконвае карціну на замову расейскіх аматараў ягонага таленту.

Паводле Марыі, мастак працягвае, як і раней, выстаўляцца на вуліцы, там жа пісаць, свае карціны захоўвае ў камеры захоўвання чыгуначнага вакзалу. Часам карціны набываюць, часам занадта настойлівым мінакам мастак аддае свае працы проста так.

Апошнімі днямі Валер Ляшкевіч шукае дах над галавой. Ён хоча схавацца ад немінучых восеньскіх дажджоў і ад невядомых, якія пагражаюць мастаку. Ён не раскрывае, што гэта за людзі, ды проста называе іх “нядобрымі”. За хату мастак гатовы аддаць усе свае грошы – 30 тысяч расейскіх рублёў (каля $ 900 ). Верагодна, гэтыя грошы сабрала для спадара Валера піцерская моладзь.

Выгнанне ў Піцер

У Санк-Пецярбурзе Валер Ляшкевіч апынуўся праз віну міліцыянтаў. Яны спачатку арыштавалі мастака на 12 содняў ізалятару, а потым выслалі наагул самалётам у Санк-Пецярбург. Хаця і нарадзіўся ў Беларусі, спадар Валер мае расейскі пашпарт і за 20 гадоў жыцця ў Гомлі не атрымаў мясцовай рэгістрацыі.

Паводле спадара Валера, міліцыя загадала яму год не вяртацца ў Беларусь. Таму ён застаўся жыць у Піцеры – на лесвіцах і ў пад’ездах, дзе яго і сустрэла мясцовая моладзь. Яны дапамаглі таленавітаму гамельчуку зладзіць выставу, стварылі ў сацыяльнай сетцы групу для ягонага падтрымання і пошуку сродкаў. Цяпер група налічвае 7500 удзельнікаў. У ёй змешчаныя шматлікія артыкулы пра піцерскія прыгоды бяздомнага мастака.

У родным Гомлі – як пабіты сабака

Мастак дрэнна чуе, таму мы размаўлялі з ім праз Марыю Булавінскую. Дзяўчына распавяла, што бліжэйшымі днямі ён хоча знікнуць з Гомля.

“Нехта яму ўвесь час перашкаджае, выганяюць яго адусюль. Цяжка зразумець, хто гэта за людзі, але бачная нейкая напалоханасць. Хоча хоць куды-небудзь знікнуць, схавацца ды працаваць, каб яму не перашкаджалі”, – кажа спадарыня Булавінская.

Спадар Валер перадаў нам некалькі словаў: “Я пачуваюся нармальна, як пабіты бяздомны сабака”.

Мастак Ляшкевіч заўсёды працаваў на вуліцы. Сталае месца жыхарства шукае ўпершыню, бо гады ўжо не тыя. “Ён баіцца, што не вытрымае дажджоў і маразоў”, – тлумачыць Марыя.

Мастак будзе ўдзячны кожнаму, хто можа хоць чымсьці дапамагчы. Звяртацца можна ў Гомельскае аддзяленне ТБМ, пытацца Марыю Булавінскую, або наўпрост у службу інфармацыі “Белсату” праз электронную пошту belsat.info@gmail.com

belsat.eu

Стужка навінаў