Уладзімір Мацкевіч: Уладам не на карысць, каб Някляеў працягваў гаварыць праўду


“Цяпер страх ахапіў хутчэй не грамадства, а самыя ўлады, якія спужаліся таго, што самыя зрабілі, – заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат” палітолаг Уладзімір Мацкевіч. – І тое, што цяпер хаваюць Някляева, можа сведчыць пра тое, што ягоныя траўмы значна сур’ёзнейшыя, чым пра гэта паведамілі афіцыйна”.

На думку эксперта, улады Беларусі дапусцілі шэраг памылак у правядзенні прэзідэнцкіх выбараў. Паводле Уладзіміра Мацкевіча, разгон мірнай дэманстрацыі і далейшы пераслед апанентаў Лукашэнкі прынеслі ўладам шкоды не менш, чым агульнавядомы факт фальсіфікацыі вынікаў выбараў. “Якія б там ні былі лічбы, усе ведаюць, што яны будуць сфальсіфікаваныя, і нават грамадства было гатовае прыняць гэта, спадзеючыся на пэўны працэс лібералізацыі, – адзначыў Уладзімір Мацкевіч. – Тым не менш, улады пайшлі на гэта, сапсаваўшы ўсе дасягненні мінулага года, што былі здабытыя рэжымам і ў адносінах з суседзямі, і ў заваяванні даверу нават той часткі грамадства, якая не стане фанатамі Лукашэнкі”.

На думку палітолага, найважнейшае цяпер для беларускага грамадства– гэта салідарнасць. “Цяпер нам трэба пазбавіцца страху і памятаць: мы беларусы, мы адзіны народ, і гэта збілі нашых братоў і сёстраў. І трымаюць іх за кратамі таксама нашыя браты і сёстры, хоць яны і памыляюцца, хоць яны і згубілі маральныя арыенціры ў сваім жыцці”, – дадаў Уладзімір Мацкевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў