«Мядзведзікі» ніяк не супакояцца – чарговая акцыя «Грынпісу» ў Маскве


Актывісты міжнароднай экалагічнай арганізацыі пратэставалі супраць здабывання нафты ў моры ў Арктыцы.

Чатыры пратэстоўцы прыкавалі сябе да агароджы каля галоўнага офісу «Газпрому». Некалькі іншых, апранутыя у строі белых мядзведзяў, качаліся па штучным снезе, рассыпаным па вуліцы. На адным з плакатаў актывісты-эколагі напісалі: «Мілер – Вашыя свідроўнікі забіваюць Арктыку», звяртаючыся да кіраўніка «Газпрому» Аляксея Мілера з патрабаваннем спыніць разведванне нафтавых радовішчаў у арктычнай зоне.{movie}”Мядзведзікі” на акцыі эколагаў у Маскве|right|6194{/movie}

«Разведванне нафтавых заляганняў у Арктыцы непазбежна прывядзе да фізічнага знішчэння рэгіёну. Менавіта таму«Грынпіс» заклікае стварыць ахоўную зону вакол Паўночнага полюсу. Тут, у гэтай акцыі, вы бачыце «белых мядзведзяў», якія былі выгнаныя са свайго дому з-за сквапнасці нафтавых кампаніяў. Яны пераехалі сюды і стварылі ахоўную зону тут, наўпрост каля штаб-кватэры «Газпрому», – пракаментаваў акцыю каардынатар арктычнага праекту «Грынпісу» ў Расеі Раман Далгоў.

Эколагі папярэджваюць, што тэрыторыі Арктыкі ўяўляюць сабою вельмі далікатныя экасістэмы, парушэнне якіх можа прывесці да непрадказальных вынікаў.

Усіх дзеячаў «Грынпісу» затрымала паліцыя. Актывістаў, у тым ліку пераапранутых у жывёлінаў, пасадзілі ў паліцэйскія аўтамабілі ды вывезлі. Адзін з актывістаў у строі мядзведзіка стараўся паўплываць на паліцыю з дапамогаю плакату «Не забівайце мядзведзікаў», але гэта яго не ўратавала.

Гэта не першая акцыя з выступам «мядзведзікаў», праведзеная эколагамі ў Маскве. Увесну актывісты пратэставалі перад будынкам, дзе ладзілася канферэнцыя, прысвечаная распрацоўванню радовішчаў нафты і газу на поўначы Расеі.

belsat.eu

Стужка навінаў