Арыштаваны ўладальнік «Dankoff Club»


Бізнесоўца Юрыя Данькова вінавацяць у тым, што ён цягам 6 гадоў даваў памяшканні для заняцця прастытуцыяй. Яму пагражае да 10 гадоў зняволення і канфіскацыя маёмасці.

Юрыя Данькова арыштавалі 4 верасня, гэтую інфармацыю пацвярджаюць у Следчым камітэце. Бізнесоўца падазраюць ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 арт. 171 КК («Выкарыстанне прастытуцыі або стварэнне ўмоваў для прастытуцыі, учыненыя службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў»). Ён змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання ГУУС Менгарвыканкаму. Высвятляецца дачыненне Данькова да іншых злачынстваў.

4 верасня ў «Dankoff Club» праводзіліся вобшук ды іншыя следчыя дзеянні ў межах крымінальнай справы, распачатай Следчым камітэтам у дачыненні мастацкага кіраўніка і адміністратара ТАА «Dankoff Club» у канцы жніўня. Яны падазраюцца ў тым, што з 2006 г. давалі памяшканні клубу для заняцця прастытуцыяй. Дзеянні службовых асобаў таксама кваліфікаваныя на падставе ч. 2 арт. 171 КК. Мастацкі кіраўнік ТАА «Dankoff Club» быў затрыманы.

{movie}Цімафей Дранчук пра затрыманне Данькова|left|6187{/movie}Пра вобшук у «Dankoff Club» паведаміў відавочца, сустаршыня камітэту абароны правоў зняволеных «Над бар’ерам» Цімафей Дранчук. Ён зайшоў у рэстаран «Dankoff Club» прыкладна а 15:45 і бачыў, як працаўнікі галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванаю злачыннасцю МУС, што зайшлі адразу за ім, паказалі Данькову нейкі дакумент. Пры гэтым, паводле Дранчука, працаўнікі ГУБАЗ адмовіліся паведаміць Данькову, у межах якой крымінальнай справы і ў звязку з чым ён затрыманы. Затым яны пачалі шукаць панятых для вымання дакументаў і папрасілі наведнікаў сысці.

«Dankoff Club» – адзін з найбуйнейшых забаўляльных цэнтраў Менску, куды ўваходзяць казіно «Dankoff Club», стрыптыз-клуб «Vенецыя», рэстаран «Dankoff Club» і SPA-салон «For Men».

belsat.eu

Стужка навінаў