У акторкі фільму “Белсату” скралі інтымныя фоты і размясцілі на порнасайтах


Незалежная журналістка і акторка фільму “Белсату” Ларыса Шчыракова знайшла свае фотаздымкі інтымнага характару на сумнеўных сайтах. Іх размясцілі невядомыя без дазволу спадарыні Шчыраковай. Ейныя падазрэнні падаюць на мясцовых працаўнікоў КДБ.



Сюрпрыз інтымнага характару

Ларыса Шчыракова – незалежная журналістка і выканаўца галоўнай ролі ў фільме “Белсату” пра Палуту Бадунову, жалезную лэдзі Беларусі. З 31 жніўня спадарыня Шчыракова пачала атрымліваць ад сяброў паведамленні са спасылкамі на порнасайты, дзе размяшчаліся інтымныя фотаздымкі жанчыны.

У інтэрв’ю “Белсату” Ларыса Шчыракова прызналася, што акрамя здымкаў на некаторых рэсурсах былі тэксты абразлівага характару, а пасля на ейны нумар пачалі прыходзіць СМС з непрыстойнымі прапановамі ад карыстальнікаў тых сайтаў.

“Калі знаёмыя пачалі расказваць, што бачылі мае фоты, я не паверыла. Думала, што на “Аднакласніках” сябры пажартавалі. А потым знаёмы даслаў 2 спасылкі, і я пабачыла, што там за фоткі. Яны былі з майго прыватнага архіву, дзе я аголеная. Са спіны і перадам. Іх у свой час рабіў мой муж”, – кажа спадарыня Шчыракова.

Па словах журналісткі, на сайце “Інтэрполіт” з’явіўся артыкул з ейнымі здымкамі, дзе аўтар высмейваў Ларысу. “Там быў такі тэкст: вось паглядзіце, чым займаецца ў свабодны час вядомая змагарка за свабоду слова, ай-ай-ай”, – раскрывае падрабязнасці Ларыса.

Cпадарыня Шчыракова звярнулася да ўладальнікаў аднаго з сайтаў (“Інтэрполіт”) з заяваю пра тое, што фота скрадзеныя, і патрабаваннем іх прыбраць. Іх прыбралі. Таксама яна напісала заявы ў міліцыю і пракуратуру.

Каму гэта трэба?

Спадарыня Шчыракова практычна ўпэўненая, што справа зробленая рукамі працаўнікоў КДБ. У студзені 2011 года падчас паслявыбарчай хвалі ператрусаў яны канфіскавалі ў журналісткі усе носьбіты інфармацыі, у тым ліку камп’ютары і флэшкі.

“Суправаджэнне фотак “вось, глядзіце, журналістка” кажа, што мяне хацелі скампраметаваць, дыскрэдытаваць у вачах грамадства, таму прывязалі гэта да журналістыкі. На злодзею і шапка гарыць. Хто выстаўляе прэтэнзіі да журналістаў, хто кажа “фас” міліцыянтам падчас нейкіх акцыяў, дзе я здымаю? Гэта ўсё працаўнікі КДБ. Гэта самы відавочны варыянт”, – кажа спадарыня Шчыракова.

Калі верыць у версію кадэбэшнага следу, камітэтнікі паўтара года чакалі зручнага часу, які якраз цяпер настаў: Ларыса актывізавала сваю дзейнасць, дый выбары на носе. Да таго ж хутка адбудзецца прэм’ера кіно, у якім Ларыса знялася ў галоўнай ролі. “Але ў адзенні”, – жартуе акторка. У кастрычніку гледачы “Белсату” першыя пабачаць дакументальна-мастацкую стужку пра Палуту Бадунову – сябру Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, міністра Рады БНР, ахвяру сталінскіх рэпрэсіяў.

belsat.eu

Стужка навінаў