Польскі аддзел “Amnesty International” вышле Пуціну незвычайную пасылку


Арганізацыя аб’явіла кампанію падтрымання “Pussy Riot”, падчас якой дашле прэзідэнту Расеі подпісы і каляровыя балаклавы.

Польскія актывісты з “Amnesty International” ужо раней распачалі збіраць подпісы ў інтэрнэце дзеля падтрымання асуджаных на 2 гады ўдзельніц панк-гурта “Pussy Riot”, якіх абвінавацілі ў абразе пачуццяў праваслаўных вернікаў. За вызваленне дзяўчат ужо падпісаліся каля 2,5 тыс. палякаў.

Праваабарончая арганізацыя намерваецца выслаць гэтыя подпісы Пуціну разам з каляровымі маскамі-балаклавамі накшталт тых, у якіх выступалі ўдзельніцы “Pussy Riot”. Актывісты абвесцілі збор масак у сацыяльных сетках і на інтэрнэт-старонцы арганізацыі. Арганізатары падкрэсліваюць, што пашыць маску – вельмі проста, а для гэтага можна выкарыстаць старыя шапкі, швэдры або нават сподняе.

Сябры “Amnesty International” імкнуцца далучыць да акцыі як мага больш людзей, бо, як адзначаюць, хочуць, каб Пуцін на ўласныя вочы пераканаўся, наколькі моцнае падтрыманне “Pussy Riot”.



Арганізатары кампаніі паведамляюць, што дзяўчаты з панк-гурта абскарджваюць прысуд, у сувязі з чым актывісты спадзяюцца сабраць некалькі тысячаў масак да канца верасня, каб Пуцін атрымаў пасылку яшчэ перад судовым разглядам апеляцыі ад “Pussy Riot”.

Прадстаўнікі “Amnesty International” падкрэсліваюць, што сабралі ва ўсім свеце сотні тысяч подпісаў пад петыцыямі за вызваленне ўдзельніц панк-гурта. Акцыю падтрымалі таксама сусветныя зоркі: Стынг, Мадонна, Б’ёрк, Пэтэр Габрыель, “Beastie Boys” і іншыя.

belsat.eu

Стужка навінаў