ЦВК не задаволіла скаргі Кастусёва


Гэта была адзіная скарга ад кандыдатаў на прэзідэнцтва з патрабаваннем прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі. Рэшта ўплывовых апазіцыйных палітыкаў-кандыдатаў былі пазбаўленыя магчымасці абскардзіць вынікі выбараў, бо ўтрымліваюцца ў ізалятары КДБ.

Сам Рыгор Кастусёў на паседжанне ЦВК не прыйшоў, бо “не бачыць у гэтым сэнсу”. Абгрунтаванне скаргі займае 38 старонак, яшчэ 363 старонкі – гэта дадатак са скаргамі незалежных назіральнікаў. “У скарзе пералічаныя шматлікія факты грубага парушэння нацыянальнага выбарчага заканадаўства і выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу і бюджэтных сродкаў падчас правядзення выбараў, што паўплывала на іхныя вынікі па ўсёй краіне”, – кажа Рыгор Кастусёў.

Аднак паводле чальцоў Цэнтральнай выбарчай камісіі шматлікія дакументы, дададзеныя да скаргі кандыдата на прэзідэнта, не маюць дачынення да справы, а таксама некаторыя факты ўжо правяраліся, некаторыя – немагчыма праверыць.

“Дапускаю, што недзе парушаўся парадак падліку галасоў, але гэтыя рашэнні насілі працэсуальны характар і не ставілі на мэце сказіць вынікі волевыяўлення выбарнікаў”, – завіла чалец ЦВК Надзея Кісялёва.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары