Дуня Міятавіч заступілася за лідараў апазіцыйных суполак «Вконтакте»


Затрыманні ў Беларусі адміністратараў інтэрнэт-супольнасцяў у сацыяльных сетках ёсць “задушэннем онлайн-іншадумства”, заявіла прадстаўніца АБСЕ ў свабодзе медыяў Дуня Міятавіч.

Затрыманні мадэратараў інтэрнэт-супольнасцяў адбыліся 30 жніўня. У Менску былі затрыманыя Андрэй Ткачоў, Павел Еўціхіеў і Раман Пратасевіч. Ва ўсіх дома прайшлі ператрусы, сканфіскаваныя камп’ютары. Затрыманні ды ператрусы рабілі людзі ў цывільным, якія не называлі сябе. Сваякі затрыманых упэўненыя, што гэта былі працаўнікі КДБ.

Ткачова асудзілі на 7 дзён адміністратыўнага арышту, Еўціхіева – на 5. Непаўналетняга Пратасевіча адпусцілі пасля чатырохгадзіннага допыту, пагрозаў і збівання.

У Віцебску ў той жа дзень быў затрыманы мадэратар інтэрнэт-супольнасці “Надакучыў нам гэты Лукашэнка” Алег Шрамук, якога таксама адпусцілі пасля допыту.

Сяргею Бяспалаву ўдалося пазбегнуць затрымання. Папярэджаны сябрамі, ён выскачыў з акна, калі працаўнікі спецслужбаў ужо ўвайшлі ў кватэру. Цяпер малады чалавек на тэрыторыі Расеі.

Дуня Міятавіч выказала “глыбокую занепакоенасць” тым, што адбываецца, паведамляе прэс-служба АБСЕ. “Я неаднаразова заклікала ўлады Беларусі спыніць пераслед журналістаў і блогераў, – заявіла Міятавіч. – На жаль, апошнія затрыманні ў Менску ды іншых месцах паказваюць, што працягваюцца спробы заглушыць галасы нязгодных і спыніць свабоду выказванняў”.

“Гэтыя затрыманні – удар па свабодзе выказвання і парушаюць абавязкі ў межах АБСЕ, якія Беларусь абавязалася выконваць”, – падкрэслівае прадстаўніца Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе.

belsat.eu

Стужка навінаў