Мастакі кажуць, што пратэстуюць супраць незаконных дзеянняў міліцыі.
Сёння ў Смаргонскім раённым судзе праходзяць судовыя працэсы над дзеячамі, якіх абвінавачваюць у правядзенні несанкцыянаванай масавай акцыі.
Учора яны былі затрыманыя міліцыяй падчас шэсця ў гонар дзеяча антыкамуністычнага падполля Расціслава Лапіцкага.
Сёння падчас суда адзін з затрыманых, Генадзь Драздоў, запатрабаваў адваката, і з гэтай прычыны разгляд ягонай справы перанеслі на 11 верасня. Ён паведаміў, што на знак пратэсту супраць незаконнага арышту мастакоў усе затрыманыя абвесцілі галадоўку.
Падчас святкавання мясцовы мастак Валянцін Варанішча, а таксама Уладзімір Шульжыцкі разам з сябрамі аб’яднання мастакоў “Пагоня” Генадзем Драздовым, Алесем Цыркуновым і Алесем Пушкіным наведалі праваслаўны храм, дзе асвяцілі чатыры партрэты Лапіцкага.
Удзельнікі акцыі выставілі карціны ў гарадскім парку, прастаялі там з паўгадзіны і пакрочылі з карцінамі ў бок дому Валянціна Варанішчы, адначасова раздаючы мінакам буклеты пра Лапіцкага. У гэты момант іх і затрымалі працаўнікі міліцыі.
belsat.eu