Ад чаго на сцэне памёр музыка Алег Клімчанка?


Версіі: удар токам, эпілепсія, сэрцавая няздатнасць.

Учора ў Гарадскім цэнтры культуры (Гомель) падчас рок-фестывалю “Mass Medium 2012” на сцэне памёр 35-гадовы бас-гітарыст гурта “Litvintroll” Алег Клімчанка. Гледачам падалося, што музыка загінуў ад удару токам. Канцэрт адразу спынілі: выклікалі хуткую дапамогу, гледачоў вывелі з залы. Медыкі нічога зрабіць не змаглі.

Цэнтральны раённы аддзел (Гомель) упраўлення Следчага камітэту прызначыў правяранне па факце смерці.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэту ў Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, вызначана, што прыкладна а 19.15 музыка выйшаў на сцэну і неўзабаве ўпаў. Узгарання або задымлення не назіралася. Медыкі спрабавалі рэанімаваць мужчыну, але беспаспяхова. Пры першасным аглядзе на целе загінулага не выявілі слядоў паразы электрычным токам. Прызначаная судова-медычная экспертыза, якая высветліць прычыну смерці. Правяраюць таксама электраабсталяванне.

«Тут не толькі яго токам біла»

“Толькі выйшлі настройвацца, і я бачу, што яго трасе і ён падае на сцэну, – распавёў адзін з гледачоў сайту ultra-music.com. – Яго спрабуюць “адкачаць”. Спачатку здалося, быццам проста прытомнасць страціў, бо ў зале душна было. Потым пачалі казаць, што эпілепсія. І тут нехта з музыкаў побач выгукнуў нешта кшталту: “Якая эпілепсія?! Яго трасе ўсяго – токам ударыла”. І што тых, хто да “Літвінаў” выступаў, іх таксама токам біла”.

Паводле гледача, дактары “хуткай”, памацаўшы пульс, пачалі рабіць масаж сэрца. Усіх папрасілі выйсці. “Прайшло хвілінаў сорак, як нехта выйшаў і перадаў словы ахоўніка, што чалавек памёр, працягу канцэрту не будзе”.

Канстанцін Карповіч з гурта “Йо-Йо”, які выступаў перад “Litvintroll”, сказаў, што ток сапраўды “праскокваў”, але гэта даволі частая з’ява на сцэне, калі мікрафоны “паддаюць токам”.

Іншы глядач, Сяргей, не думае, што справа ў непаладках з электрасеткаю. “Ён павольна пахіснуўся і ўпаў”, – кажа ён.

Адна з арганізатараў канцэрту Ніна Сераброва кажа, што медыкі паставілі дыягназ “сэрцавая няздатнасць”, а слядоў ад удару токам не выявілі.

Гісторыя гурта

“Litvintroll” – беларуская фолк-метал група, заснаваная ў 2005 г. вакалістам і дударом Андрэем Апановічам і бубначом Сяргеем Тапчэўскім. Тэксты гурта – на беларускай і ангельскай мовах, як правіла, маюць казачны або “фэнтэзійны” сюжэт. У 2009 г. выйшаў дэбютны альбом гурта “Rock’n’Troll”, у які ўвайшлі некалькі вольных інтэрпрэтацыяў беларускіх народных песень, варыяцыі на музычныя тэмы сярэднявечнай Еўропы і сучаснай Амерыкі, а таксама песні, якія апавядаюць пра нялёгкае жыццё вандроўных музыкаў, лясных, горных ды іншых троляў.

belsat.eu

Стужка навінаў