Дэпутатка бундэстагу: Дарагія візы працуюць на карысць рэжыму Беларусі


Марылюйзэ Бэк выступае за лібералізацыю візавага рэжыму з краінамі ЕЗ.

Захоўваючы візавы рэжым з Беларуссю, Еўразвяз дапамагае аўтарытарнаму рэжыму “трымаць сваіх людзей невыязнымі”, заявіла дэпутат бундэстагу ад партыі “Зялёныя” Марылюйзэ Бэк 28 снежня на прэсавай канферэнцыі ў Менску.

Паводле дэпутаткі, 60 еўраў – занадта высокі візавы збор для грамадзянаў Беларусі. Яна мяркуе, што захады, накіраваныя супраць Аляксандра Лукашэнкі, не мусяць прыціскаць насельніцтва.

Менавіта таму, кажа Марылюйзэ Бэк, з прычыны абвастрэння палітычнай сітуацыі ў Беларусі неабходна, каб беларусы атрымалі свабоду перасоўвання. А для гэтага патрэбная лібералізацыя візавага рэжыму з краінамі Еўразвязу.

Спадарыня Бэк паведаміла, што краіны Захаду яшчэ не ўзгаднілі, як адрэагаваць на падзеі, звязаныя з беларускімі выбарамі. Добрым пачаткам для пошуку адзінага рашэння ў ЕЗ яна назвала пазіцыі кіраўнікоў МЗС Нямеччыны ды Польшчы. Паводле дэпутаткі, далучэнне Беларусі да палітыкі ЕЗ “Усходняе партнёрства” не дало чаканых вынікаў.

belsat.eu

Стужка навінаў