Тэледэбатаў паміж кандыдатамі не будзе: нечакана "зламалася абсталяванне"


Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і кіраўнік выбарчага штабу кампаніі “Гавары праўду!” Андрэй Дзмітрыеў напісалі пра гэта ў сваіх профілях у “Facebook”.

Паводле Анатоля Лябедзькі, раніцаю 3 верасня на тэлеканале “Беларусь-2” мелі запісваць ягоныя дэбаты з кандыдатам у дэпутаты і дзейным дэпутатам Мікалаем Самасейкам. “Аднак мне патэлефанавалі ды паведамілі, што з тэхнічных прычынаў – з-за паломкі абсталявання – запіс адмяняецца”, – сказаў ён.

Сам ён гэтай версіі не верыць. “На мінулым тыдні я запісваў дэбаты таксама з дзейным дэпутатам Святланаю Шылавай. У маім выступе не было заклікаў да байкоту, але тое, што ў нас няма выбараў, няма парламенту – гэта я агучыў, і нашая жорсткая пазіцыя была выкладзеная. Шылава, я лічу, у дэбатах выглядала вельмі блякла. Таму або цяпер тэлеканал тэрмінова арганізоўвае курсы для навучання праўладных кандыдатаў выступаць перад камераю, або думае, што наагул рабіць з дэбатамі ды як пазбавіцца ад такой непрыемнасці”, – сказаў Лябедзька.

З аналагічнай прычыны адмянілі запіс дэбатаў кандыдата ў дэпутаты, падтрыманага кампаніяй “Гавары праўду!”, Таццяны Караткевіч. Яна мела дыскутаваць з кіраўніком Менскага гарадскога савету дэпутатаў Міхаілам Савановічам і былым старшынём Нацбанку Беларусі Станіславам Багданкевічам.

Як паведаміў кіраўнік выбарчага штабу кампаніі “Гавары праўду!” і давераная асоба Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў, ён таксама збіраўся ўдзельнічаць у дэбатах. “БТ не вытрымлівае набліжэння іншага меркавання. Патэлефанавалі ды скасавалі дэбаты. Абяцаюць “угаварыць” запісваць сваё абсталяванне ў найбліжэйшы час. Але гэта паняцце няпэўнае”, – напісаў ён у “Facebook”.

БТ абяцала цікавыя тэледэбаты па ўсіх менскіх акругах

Яшчэ 9 жніўня дырэктар Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі Кірыл Казакоў, распавядаў агенцтву «БелТА», што на “Беларусь 2” гатовыя правесці максімальную колькасць дэбатаў – па ўсіх 20 сталічных акругах. Толькі баяцца, што па некаторых можа не знайсціся ахвотных. І тут жа запэўніваў, што тэледэбаты «атрымаюцца цікавымі для ўсіх».

belsat.eu

Стужка навінаў