Сакрэты вырабу піва для прэзідэнта


https://youtu.be/f2r4CAi-FKo
Экскурсія на кухню ў рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы.

Прэзідэнт ЗША Барак Оўбама вырашыў стаць яшчэ бліжэйшым да народу. Сярод шараговых амерыканцаў вельмі пашырылася традыцыя вырабу хатняга піва, цяпер шмат хто варыць яго дома або ў гаражах. Каб не адставаць ад выбарцаў, спадар Оўбама дазволіў паказаць, што той жа працэс адбываецца і ў кухні Белага дому.

Рэцэпты ўлюбёных кіраўніком дзяржавы гатункаў абнародавалі ў блогу “Эль для шэфа” на сайце Белага дому. Цяпер кожны аматар піва хоць на хвіліну можа пачуцца прэзідэнтам, глытнуўшы “Цёмнага мядовага элю для Белага дому” або “Мядовага портэру для Белага дому”.

Хатні бровар у рэзідэнцыі з’явіўся сёлета. Шэф-кухар частаваў яе жыхароў уласным выбарам як мінімум двойчы: у Дзень св. Патрыка (17 сакавіка) і падчас святкавання Супер-кубка – фінальнай гульні за званне чэмпіёна Нацыянальнай футбольнай лігі. Пра гэта напісалі ўсе газеты.

{movie}У Белым Доме вараць піва для Барака Оўбамы|left|6146{/movie}Абнародаваць рэцэпты запатрабавала грамадскасць, падпісаўшы онлайнаваю петыцыю ў адмысловым раздзеле “We the People” на сайце Белага дому (раздзел петыцыяў створаны дзеля ўплыву простых грамадзянаў на рашэнні чыноўнікаў).

Публікацыя рэцэптаў і дэманстрацыя працэсу прыгатавання піва для першай асобы дзяржавы супалі з перадвыбарчаю паездкаю Барака Оўбамы ў Каларада, на радзіму вядомага піва “Coors”. Апрача таго, што штат займае трэцяе месца ў ЗША паводле колькасці бровараў, яго называюць “штатам, які хістаецца”. На сённяшні момант невядома, хто ў ім пераможа на выбарах: абодва прэтэндэнты на пост прэзідэнта краіны (Барак Оўбама і рэспубліканец Міт Ромні) маюць аднолькавую колькасць прыхільнікаў.

Хоць канкурэнт дзейнага прэзідэнта пазбягае алкаголю, бо належыць да мармонаў, рэспубліканская партыя мае вялікі ўплыў на вытворцаў піва. Віцэ-кандыдат на прэзідэнцтва Пол Раян паходзіць са штату Вісконсін, амерыканскай сталіцы бровараў, дзе прымаюцца вызначальныя для галіны рашэнні.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары