Эканаміст Сінкевіч: Раю назапашваць грашовыя рэзервы, бо эканоміка нестабільная


Эксперт пракаментаваў павелічэнне тарыфнай стаўкі.

З сённяшняга дня павялічыліся заробкі бюджэтнікаў – на 7 % вырасла стаўка першага разраду. Цяпер яна складзе Br 225 тыс.

Сёлета стаўка першага разраду ўжо павышалася ў студзені ды траўні, на 25 % і 5 %, адпаведна.

Кіраўнік дзяржавы неаднаразова патрабаваў ад ураду давесці да канца 2012 года сярэдні заробак у краіне да ўзроўню не менш як $ 500. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліваў: павышэнне заробкаў мусіць быць эканамічна абгрунтаваным.

Міністэрства эканомікі падае, аднак, што ў першым паўгоддзі рост прадукцыйнасці працы ў Беларусі адставаў ад тэмпаў росту рэальнай зарплаты на 2,2 %.{movie}Сінкевіч: Раю назапашваць грошы|right|6134{/movie}

Меркаванне эксперта

Эканаміст Аляксандр Сінкевіч лічыць, што падвышэнне заробкаў выкліканае перадвыбарчай сітуацыяй, хоць эканамічны стан таксама дазваляе, на ягоную думку, гэта зрабіць.

У сярэднетэрміновай перспектыве могуць быць сур’ёзныя праблемы, – перасцерагае эканаміст. Павышэнне заробкаў, паводле эксперта, ляжа дадатковым цяжарам на прадпрыемствы, кошт прадукцыі якіх павялічыцца. Беларускім вырабам будзе цяжка канкураваць на расейскім рынку.

«Сусветная гандлёвая арганізацыя ўзмоцніць канкурэнцыю, з аднаго боку, і, з другога боку, вымусіць Расею павысіць кошты на энерганосьбіты. Таму прыбытак беларускіх прадпрыемстваў будзе змяншацца з кожным годам», – мяркуе эканаміст.

На думку адмыслоўца, заробкі ды пенсіі ў Беларусі будуць падвышацца, што выкліча хуткі рост камунальнай платы, цэнаў на тавары ды энерганосьбіты.

«Галоўная праблема Беларусі ў тым, што эканамічная сітуацыя вызначаецца эканамічнымі фактарамі, на якія яна не здольная ўплываць, і страхаваць яна сябе таксама не можа», – сказаў Сінкевіч.

Эканамічны ж стан Беларусі ён ацэньвае як вельмі рызыкоўны і нестабільны. Таму эксперт раіць беларусам назапашваць грашовыя сродкі ў якасці антыкрызіснага рэзерву.

belsat.eu

Стужка навінаў