Сяргей Каваленка тыдзень не мог атрымаць пасылкі з лекамі


Палітзняволенага ўжо некалькі тыдняў трымаюць у медчастцы калоніі. Дыягназу не называюць.

Жонка Сяргея Каваленкі, Алена, паведаміла, што палітвязень скардзіўся ў лістах на часты і моцны галаўны боль. Жанчына адправіла мужу бандэроль з лекамі яшчэ тыдзень таму, але Сяргей атрымаў яе толькі цяпер, паведаміла спадарыня Алена.

Жонка палітвязня праз інтэрнэт адсочвала паштовае адпраўленне і дакладна ведае, што бандэроль была ў калоніі яшчэ ў мінулы чацвер, але лекі яму перадалі толькі ўчора.



Жанчыну абурылі дзеянні адміністрацыі калоніі, якая, ведаючы пра стан здароўя зняволенага, не спяшалася перадаваць таму патрэбныя прэпараты. Прычым, як запэўнівае Алена Каваленка, адзін з відаў лекаў так і не быў перададзены.

Сяргей Каваленка скардзіцца таксама на перапынкі ў ліставанні са сваякамі ды сябрамі: не даходзіць шмат лістоў як яму, так і ад яго.

Справа Каваленкі

Актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргея Каваленку затрымалі 19 снежня 2011 г. паводле абвінавачання ва ўхіленні ад адбывання пакарання на “хатняй хіміі”. Ідзецца пра пакаранне, вынесенае апазіцыянеру ў траўні 2010 г. за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй яліне Віцебску.

Сёлета ў лютым Каваленку асудзілі на 2 гады і 1 месяц пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

belsat.eu

Стужка навінаў