Мацкевіч пра затрыманні інтэрнэт-мадэратараў: Пачалося запалохванне


Палітолаг Уладзімір Мацкевіч лічыць, што ўлады баяцца пратэстаў пасля парламенцкіх выбараў.

Адбыліся затрыманні кіраўнікоў апазіцыйных суполак у сацыяльных сетках. Андрэй Ткачоў і Павал Еўціхіеў былі абвінавачаныя ў дробным хуліганстве і асуджаныя на 7 і 5 дзён адпаведна. Яшчэ аднаго затрыманага Рамана Пратасевіча як непаўналетняга адпусцілі – праз чатыры гадзіны допыту, пагрозаў і збівання.

У Віцебску працаўнікі спецназу і міліцыі затрымалі ў яго дома мадэратара інтэрнэт-суполкі “Надакучыў нам гэты Лукашэнка” Алега Шрамука. Яго адпусцілі пасля допыту. Яшчэ аднаму актывісту сацсетак, Сяргею Бяспалаву, удалося пазбегнуць затрымання – яго папярэдзілі пра небяспеку сябры.{movie}Мацкевіч: Улады баяцца адзінства апазіцыі|right|6123{/movie}

Палітолаг Уладзімір Мацкевіч мяркуе, што праз затрыманне мадэратараў сацсетак пачалося брутальнае запалохванне моладзі, якая ніколі не цікавілася палітыкаю, але цяпер можа задумацца. Паводле Мацкевіча, улады баяцца, каб моладзь не далучылася да паслявыбарчых акцыяў пратэсту.

Эксперт мяркуе, што ўлады не баяцца асобных апазіцыянераў і акцыяў грамадзянскай супольнасці.

“Улады, – сцвярджае Мацкевіч, – хочуць пасеяць разлад у дэмакратычнай апазіцыі, але гэта не значыць, што ўлады баяцца”. Эксперт зазначыў, што кіраўніцтва краіны дало загад пра затрыманне не ўплывовых апазіцыянераў, а выпадковых людзей, каб сеяць размыты страх, разлад і нязгоду сярод грамадзянскай супольнасці.

Калі ўлады праводзяць комплексную акцыю запалохвання, ім не важна, каго ціснуць і прэсаваць. Абавязкова толькі – каб іншыя баяліся”, – зазначыў Мацкевіч.

Кіраўніцтва краіны, паводле палітолага, можа баяцца толькі аднаго – адзінства і маналітнасці грамадзянскай супольнасці. “На ўсе акцыі ды захады апазіцыі ўлады заўсёды знойдуць адказ”, – падсумаваў палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў