Ці скасуюць у Беларусі гімназіі ды ліцэі?


Адпаведную прапанову зрабілі дэпутаты беларускага парламенту.

Намеснік старшыні сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў у правах чалавека, нацыянальных дачыненнях і сродках масавай інфармацыі Анатоль Глаз на прэс-канферэнцыі ў Менску выказаў меркаванне, што ў Беларусі трэба скасаваць гімназіі ды агульнаадукацыйныя ліцэі.

Паводле яго, сёння гэтыя ўстановы адукацыі “ўвайшлі ў моду”. На навучанне гімназіста вылучаецца на 35 % больш сродкаў, чым на школьніка, аднак вынікі гімназіяў на алімпіядах ніжэй за чаканыя.{movie}Колас: Дэпутаты дбаюць не пра народ|right|6117{/movie}

Акрамя таго, існаванне гімназіяў і агульнаадукацыйных ліцэяў стварае “рэзкае расслаенне” ўзроўню агульнай сярэдняй адукацыі ў краіне: у гэтых установах канцэнтруюцца найлепшыя вучні ды настаўнікі. “Гэта значыць, мы ідзем шляхам “захаднізацыі” школы, рэзкага расслаення, палярызацыі, а з гледзішча палітыкі нашай дзяржавы гэта няправільна. Мы мусім прапаведаваць прынцыпы савецкай школы”, – сказаў Глаз.

Старшыня сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў у адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Уладзімір Здановіч заявіў, што цяпер у гімназіях з’явілася праблема карупцыі, бо бацькі спрабуюць аддаць туды сваё дзіця, нават з іншага мікрараёну. Як вынік, у гімназіі пачалі прымаць дзяцей з малымі здольнасцямі ды адсутнасцю жадання вучыцца.{movie}Святлана Мацкевіч: Ліквідацыя гімназіяў – папулізм|right|6119{/movie}

Перадвыбарчы папулізм?

Незалежны эксперт Святлана Мацкевіч перакананая, што такія заявы беларускіх чыноўнікаў – папулісцкія метады або перадвыбарчыя прыёмы, што не прывядуць да рэальнай адмены гімназіяў і ліцэяў. “Наўрад ці падобная заява будзе мець падтрыманне сярод насельніцтва”, – лічыць Мацкевіч. Фінансавая прычына, на думку эксперта, не мае быць асноўным аргументам ліквідацыі гімназіяў і ліцэяў, бо такога тыпу школы застаюцца адзінаю альтэрнатываю атрымаць лепшую адукацыю.

Заснавальнік і кіраўнік Беларускага ліцэю Уладзімір Колас мяркуе, што закрыццё гімназіяў і ліцэяў будзе разваротам нашай адукацыі ад сусветных трэндаў, згодна з якімі паўсюдна развіваецца школа. Розныя дзеці, на думку педагога, маюць розныя здольнасці ды захапленні, а профільныя школы даюць ім магчымасць развіваць таленты. Тыя людзі, якія зрабілі заявы пра закрыццё ліцэяў і гімназіяў, лічыць Колас, не кіруюцца інтарэсамі народу. “Гэта сведчыць пра тое, што тыя, хто сёння носіць званне дэпутата, насамрэч імі не ёсць, бо не абраныя народам і не клапоцяцца пра народ. Яны клапоцяцца толькі пра таго, хто паставіў іх на гэтую пасаду”, – мяркуе Колас.

belsat.eu

Стужка навінаў